top of page

Пра што сігналіць абмен «пяць на пяць»

  • 28 апр.
  • 2 мин. чтения
Анжей Почобут
Анжей Почобут

Сёння прыйшла радасная навіна: на волю выйшаў Анджэй Пачобут. Ці  можа гэта сведчыць пра нейкія перамены ў палітыцы рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Польшчы ў прыватнасці і Эўрапейскага Звязу ў цэлым? Імаверна, што не.

 

Гэта адбылося ў рамках абмену «пяць на пяць»: з беларускіх турмаў былі вызвалены, акрамя Пачобута, манах-кармэліт з Польшчы Гжэгаж Гавел, якога арыштавалі паўгады таму быццам за «здабыванне дакументаў», датычных вучэнняў «Запад-2025», а таксама два грамадзяніна Малдовы, якіх праўладная прэса называе «супрацоўнікамі малдоўскіх спэцслужбаў».

У сваю чаргу, Польшча перадала людзей, сярод якіх, як адзначае тая ж праўладная прэса, знаходзяцца «граждане Беларуси, выполнявшие особо важные задания в интересах обеспечения национальной безопасности и обороноспособности нашей страны» (захавана мова арыгіналу). То-бок тыя, хто шпіёніў і рыхтаваў дыверсіі на тэрыторыі Польшчы і ЭЗ.

Усё гэта нагадвае гучныя падзеі 2024-га, калі ў абмен на знакавых расійскіх апазіцыянэраў з заходніх турмаў былі адпраўлены ў Расію тыя, хто здзейсніў на тэрыторыі ЭЗ цяжкія злачынствы, у тым ліку – забойствы. Гэта, па меркаванні многіх, дало расійскім спецслужбам магчымасць матываваць новых агентаў да ўдзелу ў падобных аперацыях на тэрыторыі Эўропы. Што прадэманстравала нядаўняя гісторыя з выкрыццём змовы на замах на башкірскага апазіцынйага палітыка Руслана Габасава.

Відавочна, што й у гэтым абмене роля Расіі не была пасіўнай. Пра гэта кажа той факт, што сярод асобаў, перададзеных Польшчай, быў расійскі археёляг Аляксандр Буцягін, затрыманы ў канцы мінулага году ў Польшчы па запыту Украіны, дзе ён праводзіў незаконныя археялягічныя раскопкі. Відавочна, што рэжыму Лукашэнкі было глыбока похвіг на лёс расійскага навукоўца, чаго нельга казаць пра кіраўніцтва Расіі, дзе кэйс Буцягіна выклікаў шырокі грамадскі рэзананс. Ды й рэжым Лукашэнкі ўкосна прызнаў тое, што ініцыятыва тут была не ягоная: «Отправной точкой к их организации послужило обращение к Президенту Беларуси отдельных лидеров дружественных нам стран». Ну не Эмэрсан жа Мнангагва так перажываў за кіраўніка раскопкаў у Мірмэкіе. Расійскія медыя, дарэчы, ужо падаюць навіну пра абмен як «чарговае фіяска Украіны».

У любым выпадку, абмен, які адбыўся, не дае падставаў для вялікага аптымізму. Ён у аніякім разе ня  сведчыць ні пра «гуманізацыю», ні пра «лібералізацыю», ні пра «смену вектароў» знешняй палітыкі рэжыма Лукашэнкі. Як і расійскага рэжыма, які за ім стаіць. Відавочна, што і лукашэнкаўскі рэжым, і пуцінскі вырашалі тут свае тактычныя задачы. І сярод гэтых задачаў зніжэнне напружанасці ці паляпшэнне адносінаў з краінамі Захаду (ня кажучы ўжо пра ўнутраныя паслабленні) ня значацца. Відавочна, таксама, што гэта, хутчэй, падвысіць імавернасць правядзення і расійскімі спецслужбамі, і лукашэнкаўскімі аперацыяў за мяжой. Цэлямі гэтых аперацыяў могуць быць як сабатаж і дыверсіі на транспартных артэрыях ці прадпрыемствах, звязаных з ваеннай вытворчасцю і лягістыкай, так і атакі на знакавых і найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і расійскай апазіцыі, у тым ліку – палітычных лідэраў тых народаў, якія патрабуюць незалежнасці ад Расіі (і кіданнем карзінкаў для смецця тут справы могуць не абмежавацца).

Але пакуль у нас ёсць добрая падстава для радасці праз тое, што людзі, нарэшце, выйшлі на свабоду. Ну і пакінем сабе сціплае спадзяванне, што самыя змрочныя прагнозы, выказаныя тут, ня спраўдзяцца.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page