top of page

«Калі яны ня зробяць, зробім мы»

  • 1 день назад
  • 3 мин. чтения
Французские корабли под ударом британцев, 3 июля 1940 г.
Французскія караблі пад ударам брытанцаў, 3 ліпеня 1940-га.

Хтосці любіць гістарычныя паралелі, хтосці любіць паенчыць з падставы адсутнасці ў нас «свайго дэ Голя». Некаторыя цяпераўшнія падзеі нагадваюць тое, што адбывалася 86 гадоў таму. Тым цікавей зірнуць тагачасную рэякцыю на іх з боку дэ Голя. Можа, камусці гэта дапаможа вызначыцца з сваім стаўленнем да таго, што адбываецца, і да таго, што мае адбыцца.

 

Смерць праз рукі саюзнікаў

Калі Францыя ў канцы чэрвеня 1940-га праз спыненне агню выйшла з вайны, у брытанскага кіраўніцтва ўзнікла асцярога, што немцы могуць выкарыстаць французскі вайсковы патэнцыял супраць іх. Асабліва непакоіў іх далейшы лёс французскага флёту, які, у ывпадку пераходу яго да немцаў, мог істотна змяніць расклад сілаў ня толькі ў Міжземнамор’і, але й у Атлянтыцы.

Брытанцы звярнуліся да французскіх флёцкіх камандзіраў з патрабаваннем ці працягнуць вайну супраць нацыстаў, ці перадаць французскі флёт пад кантроль брытанцаў. Французы брытанскаму ўльтыматуму не падпарадкаваліся. Далей брытанцы здейнічалі па лёгіцы: «Калі яны ня зробяць, зробім мы». 3 ліпеня 1940-га яны без папярэджання захапілі французскія караблі, якія знаходзіліся ў брытанскіх портах (у тым ліку, была захоплена найбуйнейшая на той момант субмарына ў свеце «Сюркуф»). Увечары таго ж дню брытанцы здзейснілі атаку на базу французскага флёту ў Мэр-эль-Кебіры ля алжырскага ўзбярэжжа. У выніку быў патоплены лінкор «Брэтань», яшчэ два лінкоры і два эсмінцы атрымалі пашкоджанні. Загінулі 1297 французскіх маракоў. І забілі іх тыя, каго яшчэ два тыдні таму яны лічылі саюзьнікамі й ваявалі з імі на адным баку.

Сярод французаў, якія ў той час знаходзіліся пад «гібрыднай акупацыяй» (частку краіны, сапраўды, акупавалі немцы, а ў другой частцы пакінулі пэўную ўладу Пэтэну ды ягонаму ўраду), гэтая атака выклікала вялікую хвалю абурэння. У той час французы ўсё яшчэ знаходзіліся ў шоку ад разгрому сваёй арміі, здачы Парыжу й ганебных умоваў перамір’я. Яны больш не жадалі ваяваць, а брытанцаў, якія эвакуявалі свае войскі з матэрыку, вінавацілі ў здрадзе. Пры такіх умовах ніхто б тады не адважыўся выступіць з апраўданнем дзеянняў брытанцаў.

 

Дзве нацыі – адзіны лёс

Дэ Голь, які ў той час ужо абвесціў сябе «лідэрам супраціву», ня мог застацца ў баку ад гэтай падзеі. Праўда, прайшло некалькі дзён, пакуль ён сабраўся да звароту. 8 ліпеня ён тое, што адбылося, назваў «няшчаснай трагедыяй», даўшы зразумець, што ён падзяляе абурэнне французаў.

Але далей ён казаў тое, што не дазволіў бы сабе казаць аніводны нармалёвы палітык. У сваім звароце ён указаў на тое, калі, фактычна, даводзіцца абіраць паміж знішчэннем французскіх караблёў і гібеллю французскіх маракоў з аднаго боку і рызыкай пераходу іх пад кантроль немцаў – з іншага, лепш абраць першае: «Таму я без ваганняў сцвярджаю, што лепш іх знішчыць» («Je le dis sans ambages, il vaut mieux qu’ils aient été détruits»).

Ён цудоўна разумеў, што сітуацыя быдзе напоўніцу выкарыстана прапагандай, каб настроіць французаў супраць брытанцаў і супраць тых, хто працягвае барацьбу супраць нацыстаў. Але ён разумеў таксама, што на кану стаіць пытанне пра свабоду як Францыі, так і Брытаніі, і абедзьве краіны апынуліся ў глыбокай узаемнай сувязі. Любыя крыўды ў такой сітуацыі маглі прывесці да гібелі ўсіх.

І ён папярэдзіў французаў, каб тыя не дазвалялі сваім цалкам зразумелым пачуццям убіваць клін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй. Ён імкнуўся давесці, што барацьба Брытаніі – гэта адначасова й барацьба Францыі, ад выніку якой залежаць лёсы абедзьвюх нацыяў: «Ні адзін француз, годны гэтага імя, ня можа ні на хвіліну сумнявацца, што параза Вялікабрытаніі назаўжды зацвердзіць няволю і ягонай краіны. Што б ні здарылася, нават калі на нейкі час адзін з нас будзе схілены пад ярмом агульнага ворага, нашыя два народы — нашыя два вялікія народы — усё яшчэ маюць узаемную сувязь. Альбо яны абодва паддадуцца, альбо яны перамогуць разам».

Як бы не жадалі французы жыць пад мірнымі нябёсамі – хоць і цаной акупацыі (у далейшым – поўнай), вайна ўсё роўна не абмінула іх. Хоць французскія фармаванні актыўна ваявалі на баку антыгітлераўскай кааліцыі, гэта не прадухіліла налётаў саюзнай авіяцыі на французскія гарады. На Францыю смабзнікі скінулі больш бомбаў, чым немцы скінулі на Брытанію.Бамбаванні разбурылі ці пашкодзілі больш за мільён будынкаў і забралі жыцці па меншай меры 70 тысячаў мірных жыхароў. А потым адбылося й наземнае ўварванне. І ніхто не выказвае сумненняў у тым, што ўсё гэта было неабходна для перамогі над супольным ворагам дзеля дасягнення агульнай свабоды.

Так, і шмат у чым праз дзейнасць дэ Голя Францыя выйшла з вайны пераможцай – з усімі адпаведнымі прэфэрэнцыямі.



Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page