Заява фракцыі АГП па выніках першага пасяджэння Каардынацыйнай рады IV склікання ад 19 чэрвеня 2026 года
- 21 час назад
- 2 мин. чтения

Мы, дэлегаты фракцыі «Аб’яднаная грамадзянская платформа», у сувязі з вылучэннем кандыдатаў на пасаду Спікера Каардынацыйнай рады 4 склікання, заяўляем наступнае.
Працэс вылучэння кандыдатаў быў арганізаваны адказнымі асобамі КР-3 — Спікерам і Сакратарыятам — з істотнымі працэдурнымі і тэхнічнымі парушэннямі, непразрыста і недэмакратычна, з парушэннем прынцыпу прававой дзяржавы.
Падчас пасяджэння высветлілася, што як мінімум чатыры кіраўнікі фракцый з васьмі не былі своечасова і належным чынам праінфармаваныя аб тэхнічных рэгламентах, тэрмінах і парадку вылучэння кандыдатаў. У выніку шэраг фракцый быў фактычна пазбаўлены магчымасці вылучыць уласных кандыдатаў.
Лічым, што вылучэнне кандыдатаў на пасаду Спікера да пачатку працы Каардынацыйнай рады IV складу не можа разглядацца як легітымнае. Паўнамоцтвы дэлегатаў КР-4 уступілі ў сілу толькі 19 чэрвеня 2026 года у дзень першага паседжання Каардынацыйнай рады. Адпаведна, менавіта з гэтага моманту пачалась правасуб'ектнасць і фракцыі КР-4. Да гэтага ўдзельнікі выбараў уяўлялі сабой выбарчыя спісы, калі іншае наўпрост не прадугледжана Статутам Каардынацыйнай рады Беларусі.
Фракцыя АГП накіравала свае пярэчанні ў пісьмовым выглядзе і прапанавала змяніць парадак дня пасяджэння. Аднак старшыня пасяджэння і прадстаўнік Сакратарыята адмовіліся паставіць на галасаванне нават прапанову аднаго з дэпутатаў аб пераносе выбараў да ўрэгулявання ўсіх працэдурных пытанняў.
У сітуацыі, якая склалася, фракцыя АГП:
адмаўляецца ад удзелу ў галасаванні па выбарах Спікера, лічачы яго правядзенне заўчасным і немэтазгодным, парушаючым правы дэлегатаў і прынцып прававой дзяржавы;
ускладае палітычную адказнасць за легітымнасць працэдуры і яе наступствы на фракцыю Кааліцыя Латушка і «Рух «За Свабоду», якая настойвала на правядзенні галасавання.
Мы патрабуем:
Неадкладна прыпыніць бягучую працэдуру выбараў Спікера Каардынацыйнай рады.
У выпадку правядзення галасавання — не прызнаваць яго вынікі легітымнымі і не зацвярджаць іх.
Вярнуць працэдуру выбараў на этап вылучэння кандыдатур з устанаўленнем выразных тэрмінаў, празрыстага парадку дзеянняў і зразумелых тэхнічных правілаў для ўсіх удзельнікаў працэсу.
Заклікаем калег-дэлегатаў падтрымаць пазіцыю фракцыі АГП дзеля захавання прынцыпаў законнасці, празрыстасці, даверу і адказнасці.
Лічым катэгарычна недапушчальным пачынаць працу Каардынацыйнай рады 4 склікання з ігнаравання працэдур, парушэння прынцыпаў роўнага ўдзелу і пагарды да інтарэсаў выбарцаў.
Подпісы Сябры фракцыі «Аб’яднаная грамадзянская платформа»:
Мікалай Казлоў
Святлана Шаціліна
Уладзімір Шанцаў
Марыя Яфімава
Раман Кісляк
Ганна Скрыган


Комментарии