«Крамлёўскае пасланне» ці самы моцны выклік крамлю?
- 1 день назад
- 6 мин. чтения

Звычайна навіна жыве ў медыйнай прасторы ня больш за тры дні. Гэтая трымаецца ўжо амаль тыдзень, што само па сабе сведчыць пра ейную зусім не звычайнасць. Можа атрымацца так, што Крамлю быў кінуты выклік, які пакіне вялікі ўплыў на далейшае развіццё сітуацыі ў нашым рэгіёне.
Крамлёўскі лямант аб паратунку
9 ліпеня ў часопісе The Economist выйшла эсэ аднаго з найбольш заможных людзей Расіі і свету Андрэя Мельнічэнкі. Яно завецца «Чаму раздробненая Расія – гэта кепска для свету». Аўтар эсэ палохае чытачоў «страшнымі» сцэнарамі, чкія чакаюць Расію, калі яна пацерпіць паразу ў вайне з Украінай.
Такіх сцэнароў – чатыры, і яны цалкам перагукаюцца з тымі прагнозамі, якія рабіліся адносна далеёшага лёсу Расіі праз ейную авантурна-агрэсіўную знешнюю палітыку (у тым ліку, і на нашым сайце).
Першы сцэнар – гэта калі Захад прымусіць Расію прыняць ягоныя правілы гульні, ператварыўшы яе, такім чынам, у сваю пэрыфэрыю. Што тут страшнага? – запытаеце вы. А тое, адказвае Мельнічэнка, што атрыманая ў выніку нацыянальная крыўда непазбежна народзіць рэваншысцкія настроі ў расійскім грамадстве – па аналёгіі з Вэймарскай Нямеччынай, і ў далейшым Расія паспрабуе вярнуць сабе статус вялікай дзяржавы – па аналёгіі ўжо з Трэцім Райхам. Тут можна сказаць, што не абавязкова па аналёгіі хадзіць у далёкія 30-ыя гады мінулага стагоддзя. Рыторыка «пакрыўджанай нацыянальнай годнасці» вельмі актыўна (і вельмі паспяхова) выкарыстоўвалася ў той жа Расіі і ў «ліхія» 90-ыя, і далей. Не пытанне: пагроза падобнага сцэнару існуе, пакуль будзе існаваць вечна заклапочаная недаацэнкай сваёй велічы Расія.
Другі сцэнар падобны на першы, толькі з іншым «геапалітычным» вектарам. На гэты раз Расія можа ператварыцца ў прыдатак Кітаю. Тут рыторыка аўтара эсэ да болю нагадвае рыторыку некаторых беларускіх палітыкаў ды экспэртаў, якія заклінаюць Захад «адарваць» Лукашэнку ад Расіі. З выкарыстаннем вельмі блізкіх вобразаў і аргументаў да эфекту змяшання, аўтар гэтак жа заклікае Захад «не штурхаць Расію ў абдымкі Кітаю сваімі санкцыямі». Кітай і сапраўды атрымаў вялікі ўплыў на Расію, але вінаваціць у тым Захад – гэта як вінаваціць яго ў тым, што Лукашэнка ад самога пачатку свайго прэзідэнцтва пачаў запіхваць Беларусь у «глыбокую інтэграцыю з Расіяй» – аж да стварэння «Саюзнай дзяржавы», дзе Беларусь задыхаецца ўжо ня першае дзесяцігоддзе.
Трэці сцэнар – грамадзянская вайна й распад Расіі. Таксама – нічога новага. Аргументацыя ўзятая з асцярогаў таго ж Захаду з нагоды пэрспэктываў развалу СССР на мяжы 80-90-ых. Тады таксама вельмі страшыліся, што савецкая ядравая зброя апынецца ў руках нейкіх непрадказальных «папуасаў», што паўстануць на чале новых постсавецкіх дзяржаваў, ці ўвогуле разыйдзецца па сусветных чорных рынках і зробіцца даступнай для разнастайных тэрарыстычных груповак. Аўтару эсэ засталося толькі зрабіць маніпуляцыю Ctrl+C – Ctrl+V, і атрымаць свой трэці сцэнар.
Чацвёрты сцэнар – ператварэнне Рсаіі ў Паўночную Карэю. Таксама вельмі «чытальная» імавернасць развіцця падзеяў (заўважым, ужо ў бліжэйшы час), пры якой цяперашняе расійскае кіраўніцтва пераходзіць да аўтаркіі й мабілізацыйнай мадэлі існавання. У такім выпадку Захад атрымлівае непасрэдна пад сваім бокам паўтарэнне дзяржавы Кімаў – толькі ў гіганцкіх маштабах і з ужо гатовай «ядравай трыядай». Мала, маўляў, не падасца ўсім.
Урэшце, прапанаваны адказ на бягучыя праблемы (ці імаверны «пяты сцэнар»): захаваць «сувэрэнітэт» (чым бы гэта ні было) Расіі, зняць санкцыі (між радкоў: кінуць дапамагаць Украіне) і атрымліваць асалоду ад мірнага суіснавання з Расіяй, прызнаўшы веліч апошняй. Вось і тут – анічога новага. Ужо наколькі Захад прызнаваў веліч Расеі – даўшы ёй ад ролі «сматрашчага» за постсавецкай прасторай да месца ў Радзе Бяспекі ААН (насуперак усім статутам і палажэнням гэтай арганізацыі), а ёй усё было замала. Ёй, як той бабці з твору ейнага «усяго» Пушкіна, трэ было зрабіцца ўладаркай марскою, і каб сам Захад у яе на пасылках быў.
Пушкіна расейцы, відавочна, вывучалі дрэнна, таму апынуліся, як тая самая бабця, у разбітага карыта. Вось тут і прыйшоў час лямантаваць. Па практычна адзінадушнай ацэнцы расійскіх экспэртаў, тэкст эсэ быў напісаным (прынамсі, канцэптуальна) у Крамлі. Але каб ён гучаў пераканаўча для заходняй аўдыторыі, на ролю перадатчыку абралі чалавека, не засветленага побач з расійскай палітыкай, а буйнога прадпрымальніка, які сам стварыў сваю немалпенькую бізнэс-імперыю. То-бок, не які-небудзь былы кадэбэшнік, які пералез ва ўладныя кабінеты, прынёсшы з сабой хлусню й падман, а свой чалавек – варты даверу.
На гэтым, уласна, можна скончыць разгляд таго, што напісана. Адзінае што, яшчэ раз указаць на тое, што сам факт зьяўлення падобнага тэксту, безумоўна, інспіраванае Крамлём, залішні раз сведчыць аб вельмі кепскай сітуацыі для расійскага кіраўніцтва і самой Расіі, якая відавочна не «выцягвае» вайну з Украінай.
Вымушаны герой
Іншая справа – фігура таго, чыім імём пазначана аўтарства артыкулу. І тут вельмі істотнай крыніцай робіцца яшчэ адзін артыкул у тым жа часопісе, які, фактычна, утварае сваеасаблівую «падвойную публікацыю» разам з узгаданым эсэ. Гаворка ідзе пра інтэрвію, якое ўзяў у Мельнічэнкі брытанскі (расійскага паходжання) журналіст, рэдактар аддзела па Расіі і Усходняй Эўропе часопісу The Economist Аркадзій Астроўскі.
Астроўскі адразу вызначае героя сваёй публікацыі як чалавека надзвычай годнага, спакойнага, разважлівага, сумленнага. Калі й былі нейкія «цёмныя» плямы ў жыцці, дык даўно, і герой іх перажыў, пераасэнсаваў, раскаяўся і больш так не рабіў. Пры гэтым жыццё ягонае падаецца як досвед суцэльнага поспеху. І зусім не за кошт блізкасці да ўлады ці палітыкі, праз што атрымалі свае багацці шматлікія расійскія алігархі (сам Мельнічэнка зусім не алігарх – ні-ні), а праз сваю ўпартую працу, інтэлект, здольнасць прадбачыць і ўменне выбудоўваць адносіны з самымі рознымі людзьмі – ад падлеткаў-хуліганаў да топ-мэнэджэраў з топ-чыноўнікамі. І сам ён, па выніку, зрабіўся супер эфектыўным мэнэджэрам, увайшоўшы ў першую дзясятку найбагацейшых людзей Расіі.
І жыў гэты чалавек шчасліва, і нікуды ня лез. Йшоў спакойна сваім шляхам, абатрахнуўшы з сваіх ног спачатку чарнобыльскі пыл Гомелю дзеля Масквы, а потым – і Масквы дзеля сусветных эканамічных цэнтраў. Але вось штосці (хто б ведаў – што?) падштурхнула яго да раптоўнай заклапочаннасці лёсам ягонай «малой» радзімы. Не, не Беларусі, зразумела, – беларускага ў ім ня больш, чым у «беларускай» смятане ў Падмаскоўі. А Расіі, якую ён калісці прамяняў на цэлы свет, па якім вандраваў на сваёй шыкоўнай яхце. Ну, пакуль ня трапіў пад тыя самыя заходнія санкцыі. Якія ён сам лічыць несправядлівымі.
А цяпер ён заняўся вывучэннем Расіі. Зноўку – поўным і ўсеабдымным. Дзеля гэтага ён размаўляе з рознымі людзьмі – ад камуністаў да філёзафа Дугіна, што, насуперак папулярнаму сцвярджэнню, дазваляе яму розумам зразумець гэтую краіну. І вось гэтае вось усё робіць яго…
Так, у некаторых, магчыма ўжо ўзнікла некаторае дэжавю. Штосці падобнае можна было прачытаць у беларускай прэсе некалькі год таму пра іншага эфэктыўнага мэнэджэра – Віктара Бабарыку. Тады сфармаваны яму вобраз надзвычай дакладна трапіў у чаканні беларускага грамадства, што, не ў апошнюю чаргу, прывяло да вялікіх траблаў для рэжыму Лукашэнкі. І калі чытаеш матэрыял пра Мельнічэнку, не пакідае пачуццё, што ягоны аўтар ставіць перад сабой тую ж задачу: стварыць (ці прыпаднесці) urbi et orbi патэнцыйнага лідэра новай, прадказальнай (а ня тое, як цяпер) Расіі.
Праз гэта тэкст эсэ самога Мельнічэнкі перастае ўспрымацца як крамлёўскі «крык аб дапамозе» (якім ён, безумоўна, таксама зьяўляецца), але ператвараецца ў праграмны дакумент новага палітыка. Дык як жа Крэмль дапусціў (і нават, магчыма, арганізаваў) публікацыю гэтага эсэ? – абурацца некаторыя. Сапраўды, з першага погляду лёгікі тут няма. Але варта прызнаць, што ў Крамля цяпер няма добрых крокаў. Сітуацыя крытычная, як на фронце, так і ў эканоміцы – гэта прызнаюць усе, акрамя самых упёртых прапагандыстаў. Шмат хто ўказвае на бліжэйшую восень як на час радыкальных пераменаў у Расіі (глядзіце, у тым ліку, публікацыі на нашым сайце пад назвай «Я искренне считаю, что мы в беде…»). Тут варта хапацца за саломінку, і спадзявацца, што голас Мельнічэнкі будзе пачуты Захадам, а самому яму хопіць розуму ня лезці ў расійскую палітыку.
Але што тут характэрна, дык гэта тое, што Мельнічэнка – па ўласнай волі, ці насуперак ёй – праз гэтыя дзьве публікацыі ўжо пачынае успрымацца як выклік Пуціну і ягонаму рэжыму. Бо ён, як і Бабарыка ў свой час, трапляе ў жаданні й спадзяванні, у гэтым выпадку, расійскага грамадства, якое ня тое каб было ў замілаванні ад Пуціна. І з ім – зноўку, жадае ён таго, ці не жадае, – шмат хто можа звязаць свае надзеі на лепшую будучыню.
Такое ўспрыяцце ўзмацняецца анонсам матэрыялаў, вынесеным на вокладку часопісу. На ёй змешчаны партрэт Мельнічэнкі і надпіс на ангельскай мове: «The Man Who Would Change Russia», што ў дадзеным кантэксце перакладаецца як «Чалаек, які мог бы змяніць Расію». Тут прысутнічае мадальнасць умовы, але з дастатковым акцэнтам на сцвярджэнне, каб чытач зразумеў: гаворка ідзе пра таго, хто можа кінуць выклік Пуціну. Прычым, улічваючы абставіны, гэта можа быць другі сур’ёзны яму выклік пасля мецяжу Прыгожына.
Так, прыгожынскі мяцеж не прывёў да істотных пераменаў у Расіі. Але ён з высокай ступенню відавочнасці прадэманстраваў слабасць пуцінскага рэжыму, пры якой адзінай надзейнай абаронай ад выкліку зьяўляецца нерашучасць таго, хто гэты выклік кінуў. Наўрад ці хтосці ўзяўся б абараняць Маскву ад прыгожынскіх калёнаў, каб сам Прыгожын не смаладушнічаў і не адмовіўся ад сваіх плянаў (так, Лукашэнку падпісалі пад «бульбяны спас», але відавочна, што яму адведзенай была роля ня больш чым «дыванку», пад які можна «прыстойна» замясці няўдалых мяцежнікаў).
Прыгожыну ягоная нерашучасць каштавала жыцця. Такая рызыка навісае над кожным, хто вырашыць пагуляцца ў чэленджара супраць Пуціна. Але можа быць і так, што хтосці, праз розныя чыннікі, можа лічыць сябе абароненым нейкімі «гарантыямі», абяцаннямі «прыкрыць»… Ці верай у сваю стоадсоткавую паспяховасць, пабудаваную на рацыянальным разліку. У такой сітуацыі, калі маецца гатоўнасць гуляць па-сур’ёзнаму й да канца, выклік існуючаму рэжыму можа й сапраўды атрымацца моцны.



Комментарии