top of page

Зноў пра памылкі 2020-га

Марш свободы в Минске, 16 августа 2020 года
Марш свободы в Минске, 16 августа 2020 года. Фотография: svaboda.org (RFE/RL) использована в иллюстративных целях

Дагэтуль даводзіца чуць меркаванне, што ў 2020-ым рэжым не атрымалася скінуць толькі праз тыя памылкі, якія дапусціў штаб Ціханоўскай, заклікаючы людзей на вуліцы, але пры гэтым кінуўшы іх на гэтых вуліцах бадзяцца бяз мэты.

Вось, маўляў, былі б тады ў арганізацыі маршаў людзі дасведчаныя, дык рэжым бы паў адназначна. Гэта гучыць нават з вуснаў людзей, якія сваёй грамадскай дзейнасцю заслужылі вялікую павагу і падзяку. Таму варта яшчэ раз звярнуцца да гэтай тэмы, каб высветліць, ці сапраўды ў беларусаў быў шанец на поспех ужо ў 2020-ым.

 

Меркаванне, што маршы арганізоўваў штаб Ціханоўскай, не адпавядае рэчаіснасці. Ціханоўская не заклікала людзей выходзіць. Людзі выходзілі самі, а маршруты і тэматыку маршаў вызначала група блёгераў, за якімі стаялі буйныя каналы ў «тэлеграме». Трэба памятаць той час: паняцці «палітык», «апазіцыянер» былі дыскрэдытаваныя доўгімі гадамі працы рэжымнай прапаганды. Аўтарытэтамі для людзей былі як раз маладыя блогеры, не заангажаваныя ў палітыцы, якія і самі да палітыкі і палітыкаў ставіліся з скепсісам. Таму любыя прапановы з боку дасведчаных палітыкаў былі б адрынутымі з ходу.

Але праблема была не ў адсутнасці досведу ці выразна пастаўленых мэтаў у тых, хто арганізоўваў маршы. Нават тыя, хто крытыкуе іхнія дзеянні, прызнаюць, што «людзі ў пагонах», сутыкнуўшыся з такой колькасцю людзей, якія выйшлі на пратэсты, завагаліся і былі гатовымі да пераходу на бок пратэстоўцаў. Бо масавасць людзей на вуліцах ужо з’яўляецца моцным фактарам у зрынанні рэжыму. У такой сітуацыі ня трэба сілай браць «пошту, тэлеграф, тэлефон», што давялося ў свой час рабіць бальшавікам, якім адсутнасць масавасці давялося кампенсаваць зброяй.

З боку «штаба Ціханоўскай» трэба было падрыхтаваць той цэнтр, да якога маглі звярнуцца прадстаўнікі рэжыму, каб забяспечыць транзіт улады. Такі цэнтр быў утвораны ў сярэдзіне жніўня ў выглядзе Каардынацыйнай Рады. Менавіта на яе ўскладалася задача вядзення перамоваў з рэжымам.

Але рэжым на гэтыя перамовы не пайшоў. І зусім не праз недасведчанасць штабу, ці адсутнасці вызначаных мэтаў і зразумелых задачаў перад удзельнікамі пратэстаў. Ён не пайшоў на перамовы праз фактар Расіі.

Як толькі ў Беларусі пачаліся маштабныя пратэсты – такія, якія маглі прымусіць чыноўнікаў і сілавікоў перайсці на бок народу, Расія накіравала да беларускіх межаў сваю «расгвардыю» і ОМОН.

Гэтыя расійскія сілы былі накіраванымі да Беларусі па просьбе Лукашэнкі, што ў далейшым пацвердзіў і Пуцін: «Александр Григорьевич попросил меня сформировать определенный резерв из сотрудников правоохранительных органов. И я это сделал».

Расійскія сілы знаходзіліся побач з нашай мяжой (ці ўжо на нашай тэрыторыі?) месяц – да сярэдзіны верасня. Вось гэтая перспектыва – сутыкнуцца з расійскімі сіламі – спыніла як беларускіх сілавікоў, так і чыноўнікаў ад пераходу на бок беларускага народу.

Гэтага не хавае і расійскае кіраўніцтва. У чэрвені 2022 міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у адказ на пытанне, ці ўстаяў рэжым Лукашэнкі дзякуючы падтрымцы Расіі, казаў:

«Россия немедленно оказала политическую и моральную поддержку. Была готова оказать любую другую поддержку для недопущения государственного переворота».

Можна ўявіць, што было б з Беларуссю, калі б Расія такі задзейсніла свае войскі для задушэння пратэстаў. Каго б і ў якіх памылках вінавацілі б цяпер?


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page