top of page

Што рыхтуе беларусі «працяглае замежная камандыроўка»?

  • 30 июн.
  • 5 мин. чтения
Александр Лукашенко на встрече с Си Цзиньпином. 29 июня 2026 года
Александр Лукашенко на встрече с Си Цзиньпином. 29 июня 2026 года, Пекин, Китай. Фото: t.me/pu

Пачаўся нечакана анансаваны «вялікі трып» главы лукашэнкаўскага рэжыму па краінах «Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі». Звычайна такія падарожжы суправаджаюцца вялікімі лічбамі патэнцыйных кантрактаў, агучаныя зычным голасам рэжымнай прапаганды. Якія, пры бліжэйшым разглядзе, выяўляюцца пшыкам (і далейшы ход падзеяў гэта пацьвярджае). Цяперашняя паездка – не выключэнне. Але на фоне агучаных мізэрных «вялікіх» сумаў будучых кантрактаў шэптам гучаць іншыя тэмы, якія, як звычайна, аптымізму не выклікаюць. Хоць і намякаюць тонка на блізкае «акно магчымасцяў». Але што ў яго больш надуе – магчымасцяў ці выклікаў – пакуль застаецца незразумелым.

 

Абаронца незалежнасці (не)

Фонам анонсу гэтай вялікай «камандыроўкі», як памятаем, быў «ультыматум Зяленскага». Адразу можна казаць, што «камандыроўка» не выглядае спробай схавацца ад звязанай з гэты невідавочнай пагрозы (хоць ёсць падазрэнне, што неабходнасць зьехаць з краіны ў гэтай сітуацыі была ўспрынята сабжам не без палёгкі). Затое яна адразу адчыняе партал у паралельны сусвет, дзе Лукашэнка – абаронца і гарант незалежнасці, пры гэтым – не здзіўляйцеся! – беларускай.

А як яшчэ можна патлумачыць тое, што адразу пасля візіту на Валдай з сустрэчай з Пуціным, Лукашенка паляцеў у Кітай да Сі Цзіньпіна, які, па святой перакананасці сведкаў «гаранта», зьяўляецца галоўным абаронцам ад злых намераў Расіі?  Ну чым ня доказ той тэёрыі, што Лукашэнка мужна процістаіць спробам злога Пуціна ўцягнуць Беларусь у вайну?

Вось і сам Сі казаў, што Кітай падтрымлівае Беларусь у захаванні нацыянальнага сувэрэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. З гэтых словаў можна зрабіць выснову, што Лукашэнка дамогся свайго й выціснуў з кіраўніка КНР папярэджанне ў бок Пуціна (ці Грызлова?), каб той не пасягаў на Беларусь. Але лепш такой высновы не рабіць. Бо відавочна, што Лукашэнка накіраваўся ў Кітай зусім не для таго, каб скардзіцца на Пуціна й шукаць ад яго абароны. У адваротным выпадку наўрад ці ён здолеў адляцець на хоць нейкую істотную адлегласць ад Масквы – у яго абавязкова б выбухнула якая-небудзь граната, што выпадкова завалялася ў кішэні аб’ёмнага пінжаку. Такое з тымі, хто спрабаваў адыйсці ад Пуціна ўжо здаралася. Тое, што Лукашэнка такі да Кітаю дабраўся, можа сведчыць як раз аб тым, што з Пуціным у іх поўнае ўзаемнае разуменне. І словы Сі можна інтэрпрэтаваць, хутчэй, як падтрымку Лукашэнкі ў сітуацыі з «ультыматумам» Зяленскага. Што для беларускага дыктатара больш істотна, бо менавіта з боку Украіны для яго зыходзіць рэяльная пагроза. Ну, ці гэтыя словы Сі тычыліся яшчэ чаго-небудзь. Але пра гэта – крыху ніжэй.

А пакуль – маленькая паўза з зваротам увагі на тое, хто сустракаў Лукашэнку ў аэрапорце. У гэтым годзе ў Кітай ужо прыязджалі Трамп і Пуцін. Цырымоніі сустрэчы былі амаль ідэнтычнымі. Але Трампа сустракаў віцэ-прэзідэнт Хань Чжэн, а Пуціна – міністар замежных справаў Ван І. Ван І – таксама значная фігура ў кітайскай палітыцы, але, усё ж, не віцэ-прэзідэнт. Што дазволіла назіральнікам адзначыць пэўную гіерархічнасць сустрэчаў, якую надалі ім (і, адпаведна, сваім гасцям) кітайцы. А вось Лукашэнку сустракаў Хуай Цзіньпэн, міністар адукацыі. Не прэзідэнт і ня віцэ-, і хоць міністар, але не кіраўнік знешняй палітыкі дзяржавы. Ды яшчэ й доктар тэхнічных навук, акадэмік, інтэлектуал. Карацей, такі чалавек, які традыцыйна выклікае ў Лукашэнкі псіхалягічнае адтарганне. Цікава, гэта былт зроблена наўмысна, каб пазлаваць назойлівага гоця, ці так склалася выпадкова? Пакуль гэтае пытанне застаецца без адказу.

 

Міма эканомікі

Традыцыйнае пытанне ў такой сітуацыі – а навошта, уласна, прыляцеў? Тое тлумачэнне пра даўнюю ўлюбёнасць у кітайскую палітычную мадэль, якое Лукашэнка прапанаваў кітайскай журналістцы ў мінулым годзе (пад час свайго 15-га візыту ў гэтую краіну) можна аднесці да катэгорыі няшчырай ліслівасці перад гаспадарамі. Адзін раз гэта можна казаць, але паўтараць – не пракоціць. Урэшце, каб вывучаць гэтую мадэль, маецца цэлы Інстытут Канфуцыя. Дык, можа, трэба заключаць шматмілённыя кантракты, якія ўжо анасаваныя прапагандай?

Так, можна паверыць, што таваразварот паміж краінамі расце. Але расце ён на нейкія смешныя аб’ёмы. Ды яшчэ з вялікім перакосам на карысць Кітаю. Аснова беларускага экспарту – калійныя ўгнаенні. Аснова кітайскага – тавары машынабудаўніцтва (аўтамабільны транспарт, преш за ўсё). Пры гэтым экспарт у Кітай саступае імпарту адтуль амаль утрая. Падставы такой сітуацыі падаюцца відавочнымі, ды й падобны дыспарытэіт назіраецца ў гандлі з Кітаем шмат уякіх краінаў (у той жа Польшчы, напрыклад, але там і аб’ёмы гандлю разоў у дзесяць перавышаюць беларускія паказальнікі).

Але для Беларусі сітуацыя адрозьніваецца ў горшы бок – праз усім вядомыя акалічнасці. Больш чым тры дзесяцігоддзі эканамічнсай палітыкі, заснаванай на задушэнні прыватнай ініцыятывы й прыватнага бізнэсу, памкненне ўсё паставіць пад татальны дзяржаўны кантроль ну ніяк ня могуць спрыяць рызвіццю эканомікі. Плюс рэпрэсіі 2020-га (і дагэтуль), што прымусіла пакінуць Беларусь ня толькі найбольш актыўных і амбітных людзей працаздольнага ўзросту, але й цэлыя бізнэсы, прычым – не маленькія (некаторыя потым зрабіліся найбуйнейшымі падаткаплацельшчыкамі ў новых краінах свайго знаходжання). А тут яшчэ эканамічныя санкцыі, якія, у тым ліку, тычацца тэхналёгіяў і магчымасці пераймаць досвед у замежных вытворцаў (у тым ліку – па арганізацыі й кіраванні бізнэсу). Калі да гэтага дадаць правал у сфэры адукацыі, дзе ўсё пачынае арыентавацца на мілітарызацыю і індактрынацыю, дык пэрспэктывы ў краіны вымалёўваюцца вельмі сумныя. Пра якія там шматмільённыя кантракты гаворку можна весці? А тым больш – пра «прыцягальнасць» цяперашняй Беларусі як аб’екта для інвістыцыяў з боку азіяцкіх краінаў?

 

Эскалацыя з кітайскага ўхвалення

Дык калі не абарона ад Расіі й не эканоміка, дык чаго дзеля ехаць? Безумоўна, можна разглядаць гэтую паездку як звычайны «палітычны турызм» – куды ёсць магчымасць паехаць ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі, туды й едзе. Тым больш, што Кітай – адзін з лідэраў сучаснага свету. Але антураж вакол паездкі, сапраўды, выглядаў неяк не звычайна. Загадзя яна не анансавалася, але было бачна, што ёй адводзіцца нейкая адмысловая роля. Тым больш, што паездка пачалася з двухдзённай сустрэчы з Пуціным, пра якую таксама загадзя не паведамлялі. Але Сі ўдакладніў па прыбыцці Лукашэнкі у Бэйдзін, ці наўпрост з Менску той прыехаў. І атрымаў, магчыма, здавальняючы для яго адказ – што кансультацыі з Пуціным папярэдне былі праведзены.

Натуральна, праз брак інфармацыі, якім наўмысна абакружаны ўсе этапы гэтага ваяжу, мы можам толькі здагадвацца, што за гэтым стаіць. Але зыходзячы з вышэй сказанага, вельмі падобна, што Лукашэнка прыехаў за ўхваленнем нейкага дзеяння, якое істотна ня толькі для яго, але й для Пуціна, а таксама патрабуе ўхвалення з боку кітайскага лідэра. Наўрад ці гаворка тут ідзе выключна пра пастаўкі ўзбраення ці ваенных тэхналёгіяў. Хутчэй, пра нейкія дзеянні, якія патрабуюць прыкрыцця на ўзроўні міжнародных інстытуцыяў – ААН, напрыклад.

І адразу прыгадваюцца яшчэ два выказванні, якія таксама прагучалі на фоне «працяглай замехнай камандыроўкі». Першае – словы Пуціна, сказаныя ім у інтэрвью каналу «Расія», якія прагучалі ў нядзелю. Калі гаворка зайшла пра Беларусь, Пуцін зноў прапанаваў яе ў якасці пляцоўкі для перамоваў па завяршэнні вайны ва Украіне. Толькі вось прагучала гэтая прапанова досыць двусэнсоўна: «Беларусь всегда предоставляла нам свою территорию, свою площадку для ведения переговоров. Уверен, что, если дойдет дело когда-то до переговоров, мы можем использовать белорусские возможности». Пагадзіцеся, тут праз словы пра прадастаўленне сваёй тэрыторыі, хутчэй, узнікае асацыяцыя не пра мірныя перамовы, а пра пачатак паўнамаштабнай вайны. І словы пра «выкарыстанне беларускіх магчымасцяў» зусім не імкнуцца гэтую асацыяцыю адмовіць. То-бок, гучыць гэта як папярэджанне Украіне пра эскалацыю сітуацыі з актыўным выкарыстаннем «беларускіх магчымасцяў».

І як пацверджанне гэтых словаў Пуціна прагучала заява прапагандыста Дзерманта наконт «прыняцця бою», што можна зразумець як рашэнне аб удзеле Беларусі ў вайне. І тут жа – пра «зачыстку» «пятай калёны» знутры, што гучыць як анонс новай (і істотнай) хвалі рэпрэсіяў. Ухваленне якой (як і далучэнне да вайны) было атрымана ад «кітайскіх таварышаў». Зразумела, словы Дзерманта – усяго толькі словы, і, як кажа Мікола Дзядок, гэтая заява можа быць ня больш чым «гнілым накідам». Тое, што гэта накід – пытанняў няма. Але вось мэта можа быць рознай – ад праверкі рэякцыі грамадскага меркавання да падрыхтоўкі таго ж меркавання да рэяльных дзеянняў.

Хутчэй за ўсё, гэтыя выказванні – як з укоснымі асацыяцыямі, так і з канкрэтнымі пагрозамі – ня болей, чым звычайная гульня на нэрвах праціўнікаў. Але, усё ж, варта больш пільна прыслухоўвацца й прыглядацца да таго, што будзе агучвацца і рабіцца ў бліжэйшы час. Каб не было непрыемных нечаканасцяў.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page