У порт са дна не прыплывеш
- 5 дней назад
- 3 мин. чтения

Крыху пра знешнеэканамічныя пражэкты і перспектывы.
Некалькі дзён таму Лукашэнка размяняў паездку ў ЗША на «Раду міру» на сустрэчу ў Менску з старшынёй Сэнату Зімбабвэ Мэйбл Мэмары Чынамонай. У тым ліку, на сустрэчы з ягонага боку прагучала прапанова ажыццявіц трохбаковы праект (разам з Мазамбікам) па пабудове «марскога» порта.
Слова «марскі» узятае тут у двухкоссе таму, што БелТА, якое паведаміла гэтую навіну, наўрад ці ведае, аб чым ідзе гаворка. Пабудаваць марскі порт – забаўлялка, якая дорага каштуе: мільярдаў шэсць-восем эўра па-мінімуму. Можна, канечне, абмежавацца простым прычалам, што будзе каштаваць некалькі дзясяткаў мільёнаў. Але гэта наўрад ці задаволіць вялікія амбіцыі тых, хто марыць пра чарговы афрыканскі «прарыў».
Затое за тыя ж грошы – ад некалькі дзясяткаў да сотні мільёнаў эўра можна пабудаваць гэтак званы «сухі порт», што цяпер з’яўляецца папулярным укладаннем грошай у лягістыку.
Сухі порт (або ўнутраны порт) — гэта ўнутраны інтэрмадальны тэрмінал, непасрэдна злучаны аўтамабільным або чыгуначным транспартам з марскім портам, які выконвае ролю рэгіянальнага цэнтра для апрацоўкі, захоўвання і мытнага афармлення кантэйнерных грузаў. Ён функцыянуе як працяг прыбярэжнага порта, здымаючы заторы і забяспечваючы больш хуткае і эфектыўнае размеркаванне ўнутраных грузаў. То-бок, на невялічкай адлегласці ад марскога порту будуецца транспартны хаб з складамі, куды хутка дастаўляюцца кантэйнеры ды іншыя грузы з порту марскога. Гэта значна эканоміць час на разгрузку-пагрузку марскіх суднаў.
Менавіта пра пабудову такога сухога порту ідзе гаворка ў матэрыялах на афрыканскіх рэсурсах, прысвечаных сустрэчы Лукашэнкі з Чынамонай. Тым больш, што Зімбабвэ, якое свайго выйсця да мора ня мае, даўно юзае мазамбіцкія порты для свайго імпарту-экспарту.
Але праблема нават ня ў сутнасці таго, што там збіраецца будаваць рэжым Лукашэнкі ў Афрыцы. Праблема – у тым, а навошта яму там нешта будаваць.
Зразумела, што сам рэжым абвяшчае пра напалеёнаўскія пляны. Лукашэнка на гэты конт заявіў (тэкст даецца ў арыгінале):
«Нам очень нужна точка опоры на побережье Африканского континента - на юго-востоке. Это значит, что мы вместе должны поработать с Зимбабве над строительством порта в вашем соседнем государстве - Мозамбике. Если бы мы осуществили вместе с Мозамбиком и Зимбабве эту идею, а в данном случае мы можем это сделать и восстановить железнодорожное сообщение через вашего соседа (там небольшое расстояние) в Зимбабве, то ваша страна стала бы хорошим хабом на юге Африке для товаров, нужной продукции не только из Беларуси, но и для товаров других государств. Думаю, прежде всего России».
Маўляў, завалім мы вас таварамі, а вам адно толькі застанецца: падтасківпай ды адтасківай. А калі нашых тавараў ня хопіць, дык Вялікая Расеюшка на дапамогу прыйдзе. Карацей, выгодная справа!
Ну, добра, усе разумеюць, што беларускіх тавараў ня тое што порт загрузіць ня хопіць – добра, каб хоць які карабельчык напоўніць. Але ж Расія – яна-та ўсё можа! І праз наш порт яна будзе завальваць таварамі цэнтральную Афрыку па самае німагу.
Але тут узнікае праблема: Расіі таксама няма чаго прапанаваць афрыканскаму рынку. Характэрны прыклад – правал плянаў расійскага лінейнага агента C-Shipping запусціць у 2025-ым наўпростую транспартыроўку тавараў з Вялікага порту Санкт-Пецярбург у порты Гвінеі, Ганы, Нігерыі і Марока. На справе атрымалася запусціць толькі абмежаваны маршрут для транспартыроўцы колавай тэхнікі (гэтак званы метад ро-ро) да порта Касабланка ў Марока. Але і функцыянаванне гэтага маршруту было прыпынена пасля дзесяці рэйсаў – праз адсутнасць стабільнай плыні грузаў. Увогуле, расійскі экспарт у краіны Афрыкі падае, згубіўшы за мінулы год больш за 13%. Асноўныя групы тавараў для экспарту: угнаенні, зерне і аграпрадукцыя, металы, машыны, абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. Імпарт: садавіна, сыравіна, аграпрадукцыя, морапрадукты.
Але й гэта – далёка не адзіная праблема ў справе гандлю з Афрыкай расійскага і лукашэнкаўскага рэжымаў. Маршруты дастаўкі тавараў да Афрыкі таксама маюць свае выклікі: трэба абыходзіць «праблемныя» воды, у якіх могуць узнікнуць пытанні да транспартаў, звязаныя, у тым ліку, з санкцыямі, страхаваннем, рэякцыяй замежных рэгулятараў ды таму падобнае. Сюды варта дадаць праблемы з нявызначанасцю ў сферы плацяжоў. Усё гэта на выйсці дае нерэнтабельнасць падобных перавозак.
З улікам усяго гэтага можна зрабіць выснову, што за словамі пра «порт у Мазамбіку» анічога не стаіць. Акрамя словаў.
Так што тым, хто павёўся на аповеду пра порт з выйсцем на афрыканскія глыбіні, роўна як і на абяцанкі выйсця на 100$ млн таваразвароту з Зімбабвэ, можна пра гэтыя казкі забыць: дно, на якім апынулася беларуская эканоміка ў выніку панавання рэжыму, дном і застаецца. У порт адтуль не прыплывеш.



Комментарии