top of page

Ізраіль нанёс удары па вайсковых і ўрадавых аб’ектах у Іране

  • 28 февр.
  • 4 мин. чтения
Израиль нанес удары по объектам в Иране
Израиль нанес удары по объектам в Иране. Фото: IRNA

Адбылося тое, штоў апошнія два месяцы ўсе чакалі з нецярплівасцю: Ізраіль і ЗША перайшлі да гарачай фазы процістаяння з ісламкім Іранам.

 

Бамбяць урадавыя і вайсковыя аб’екты – рэзыдэнцыі лідэраў, аэрадромы, базы і заводы па вытворчасці зброі. Ізраіль выпусціў папярэджанне тым іранцам, якія працуюць на прадпрыемствах вайсковай прамысловасці і вайсковай інфраструктуры пакінуць свае прадпрыемствы і трымацца ад іх падалей, пакуль не паступіць новае абвяшчэнне. Гэта гучыць ня проста як клопат аб жыцці мірных грамадзянаў, але і як прывучанне падпарадкоўвацца разпараджэнням ізраільскай адміністрацыі. Папярэджанне тычыцца ўсёй тэрыторыі Ірану. Між іншым, Лукашэнка таксама сёння на ўсялякі выпадак трымаўся падалей ад сваіх улюбёных вайсковых аб’ектаў ды іншых праверак «боегатоўнасці», пазаплянава паехаўшы правяраць малочную ферму ў Лагойскім раёне. Засумаваў па абасраных каровах? Ці хоча згубіцца на іхнім фоне, каб быць найменш заўважным для амерыканскіх ракетаў?

Адной з цэляў удараў з’яўляецца кіраўніцтва краіны. Тым ня менш, пакуль паступаюць паведамленні, што вярхоўны лідэр Ісламскай Рэспублікі Іран аятала Алі Хамэнэі жывы і знаходзіцца ў патаемным месцы (чамусці адразу прыгадалася, як у свой час з «патаемнага месца» выцягвалі зарослага барадой Садама Хусэйна, перад тым як яго судзіць і павесіць). Не пацярпеў (прынамсі, пакуль) і прэзідэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян, хоць па ягонай рэзідэнцыі быў прылёт. Судзячы па інфармацыі, якая паступіла з Тэгерану, удар быў нанесены і па рэзідэнцыі былога іранскага прэзідэнта Ахмадынэджада. Побач з ёй бачны шэраг аўтамабіляў, якія гараць. Пад удар трапіў і штаб выведкі Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Іран, у адказ, ужо нанёс удары па Ізраілі і амерыканскіх вайсковых базах у краінах Персідзкай затокі. На відэа, дасланым з Кувейту, у нябёсах гэтай краіны бачныя пралёты іранскіх ракетаў і праца супрацьпаветранай абароны. Па папярэдняй інфармацыі, адзін чалавек загінуў у Амане.

Авіякампаніі ўводзяць на абмежаванні паветранага злучэння ня толькі з Іранам, але і з Ізраілем, і з шэрагам іншых краін рэгіёну. Люфтганза адмяніла свае рэйсы ў Тэль-Авіў, Бэйрут і Аман да 7 сакавіка. Папулярны лоўкост WizzAir на той жа тэрмін адмяніў свае рэйсы ў Ізраіль, Абу-Дабі, Дубай і Аман. Белавіа таксама адмяніла свой рэйс у Тэль-Авів і абратна, які мусіў адбыцца заўтра. Так што, спадарства, улічвайце гэта пры выбары сваіх шляхоў, калі вам карціць трапіць у гэты час на Блізкі Усход.

У Іране, зразумела, яшчэ больш жорстка абмежавалі інтэрнэт. Тым ня менш з краіны паступаюць відэа, на якіх бачныя магутныя слупы дыму. Па некаторых бачна, што ўдары трапілі па іранскіх вайсковых базах. У каментарах да відэа задаецца рытарычнае пытанне: а дзе тыя абаронцы ўраду, якія кляліся ў сваёй гатоўнасці адбіць любую атаку?

Адным з запярэчанняў супраць ваеннай аперацыі, якое выказвалі, у тым ліку, і беларускія эксперты, было тое, што ўдар ЗША і Ізраілю прывядзе да згуртавання іранскага грамадства вакол ісламскага кіраўніцтва краіны. Але досвед абшчэння з іранцамі (у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў краіне) дэманструе, што ўжо год 15 (калі не даўжэй) іранцам больш пажаданымі былі ўдары войскаў NATO, чым працяг панавання аятолаў. А ўлічваючы цяперашнія пратэсты і крывавыя спробы іхняга задушэння наўрад ці сведчаць пра магчымасць раптоўнага з’яўлення любові іранцаў да сваіх «лідэраў».

Пакуль што асноўнай рэякцыяй на пачатак атакаў сталіся вялізныя чэргі ў крамах і на запраўках. Ну і праклёны ў бок аятолаў, якія чуваць на відэа, дасланых з Ірану.

Судзячы па ўсім, інтэнсіўныя атакі Ізраілю і ЗША на вайсковыя і ўрадавыя аб’екты ў Іране працягнуца яшчэ некалькі дзён. Што будзе далей – пакуль застаецца пад пытаннем. Канечне, шмат каму (у першую чаргу – самім іранцам) вельмі хацелася б, каб у выніку рэжым аятолаў, урэшце, сыйшоў бы ў гісторыю. Але як паказвае практыка, для Трампа ня столькі істотна змена недэмакратычнага рэжыму, колькі заключэнне з ім «вялікай здзелкі». Цалкам імаверна, што калі аятолы пагадзяцца заключыць новае пагадненне, па якім адмовяцца ад сваіх ядравых і ракетных праграмаў (якія агучаны Трампам як найвышэйшая пагроза для ЗША), дык удары спыняцца. Аятолы, як заўжды, абвесцяць сябе пераможцамі і пачнуць спрабаваць аднавіць страчанае. Але на гэта спатрэбяцца годы (калі не дзесяцігоддзі). Ды й Ізраіль з ЗША ня будуць глядзець на гэта ўсё скрозь пальцы.

Але пакуль з заяваў, якія гучаць з вуснаў лідэраў атакуючай кааліцыі, можна зрабіць выснову, што разлік робіцца на змену ўлады. Прэм’ер Ізраілю Бэнджамін Нэтаньягу ў сваёй сённяшняй прамове падкрэсліў: «Нашае сумеснае дзеянне забяспецчыць умовы, каб адважны народ Ірану ўзяў пад кантроль свой лёс».

Такія разлікі выглядаюць цалкам зразумелымі і абгрунтаванымі. Вынішчэнне вайсковай магутнасці і ўтварэнне сітуацыі, калі супраціў аятолаў будзе немагчымым, адчыніць для іранцаў магчымасць узяць уладу ў свае рукі. Тым больш, што прынц Рэза Пехлеві за апошнім часам зрабіўся імавернай кансэнсуснай фігурай, здольнай узначаліць краіну на пераходны перыяд. У гэтай сітуацыі Ізраілю і ЗША не спатрэбіцца праводзіць наземную аперацыю, якая, сапраўды, звязана з шматлікімі сур’ёзнымі выклікамі і небяспекамі (прыгадайма аперацыі ў Іраку ды Аўганістане).

Ну а што ж саюзнікі Ірану – Расія, Кітай? З боку «аналітыкаў» гучалі папярэджанні, што Расія акажа ўсю магчымую дапамогу свайму саюзніку. Тым больш, што за апошнім часам назіралася актыўнае збліжэнне паміж гэтымі краінамі ў вайсковай сфэры (у тым ліку, былі праведзены марскія вучэнні). Ну так, ну так. Падобна, усё, на што здольная Расія, гэта на заклік да сваіх грамадзянаў тэрмінова пакінуць Іран, а бакам канфлікту – вярнуцца за стол перамоваў.

У любым выпадку, канфлікт ня будзе цягнуццца доўга. І, насуперак алярмісцкім заявам ад некаторых беларускіх аналітыкаў і палітолягаў, ён не прывядзе да «змяншэння ўвагі» да вайны ва Украіне. Проста таму, што вайна ва Украіне – гэта такая ж «экзэстыная пагроза» Еўропе, як ядравая пагроза Ірану ў дачыненні да Ізраілю.

Таму вынікам будзе аслабленне групы CRINK (Кітай, Расія, Іран, Паўночная Карэя), якую цяпер пазначаюць як «новая вось зла». Карысна гэта для Беларусі, ці не? Ну, падумайце…

Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page