top of page

Ці адбудзецца ў бліжэйшыя гадзіны ўдар па Іране?

Boeing E-3G Sentry
Самалёт Boeing E-3G Sentry амерыканскіх ВПС. Ягонае з'яўленне на Сярэднім Усходзе будзе значыць амаль стоадсоткавую непазбежнасць амерыканскіх удараў па Іране (Wikipedia)

Сітуацыя вакол Ірану працягвае рабіцца ўсё больш напружанай.


Злучаныя Штаты падцягваюць у рэгіён ударныя сілы. Па інфармацыі з розных крыніц, авіяносная група авіяносца «Abraham Lincoln», якая некалькі тыдняў таму пакінула сваю зону адказнасці ў Паўднёва-Кітайскім моры, увайшла ў зону адказнасці Цэнтральнага Камандавання, якое адказвае за аперацыі на Сярэднім Усходзе (куды ўваходзіць і Іран). Звычайна авіяносная група складаецца з флагманскага авіяносца, эсмінцаў, узброеных кіраванымі ракетамі, караблёў, якія адказваюць за супрацьпаветраную абарону, а таксама за абарону супраць падводных лодак (эсмінцы ці фрэгаты).

З іншага боку – з Міжземнага мора праз Суэцкі канал – у рэгіён прыбыў эсмінец «Delbert D Black», які мае на ўзбраенні, у тым ліку, крылатыя ракеты Tomagawk.

За апошнім часам у раён Пэрсідзкае затокі падцягваюцца самалёты ВПС ЗША, прызначаныя для забеспячэння хуткай і бяпечнай сувязі паміж цэнтрамі, якія знаходзяцца ў розных краінах. Сярод іх і тыя самалёты, якія ў папярэдні раз перакідваліся ў гэты рэгіён непасрэдна перад нанясеннем удараў па аб’ектах у Іране ў чэрвені мінулага году. У прыватнасці, сёння зрабілася вядомым, што на амерыканскай базе ў Брытаніі прызямліўся самалёт WC-135R Constant Phoenix. Гэты самалёт мае мянушку «ядравы нюхач», бо ягоная галоўная задача – вызначаць у атмасфэры сляды ядравых выбухаў. У папярэдні раз ён з’явіўся на Сярэднім Усходзе за лічаныя дні да амерыканскіх удараў па ядравых аб’ектах Ірану. Але, як адзначаюць эксперты, непасрэдным сігналам, што ўдары – непазбежныя, будзе з’яўленне ў рэгіёне самалёту E-3G Sentry, больш вядомага нам як AWACS – авіяцыйная сістэма папярэджання і кантролю.

У сваю чаргу, іранскі рэжым таксама рыхтуецца да канфлікту з ЗША. У прыватнасці, у мінулую нядзелю ў Тэгеране на Плошчы Рэвалюцыі было адкрыта вялікае пано з выявай групы іранскіх баявых самалётаў, якія пралятаюць над амерыканскім караблём.

Усё гэта дало магчымасць некаторым экспертам і палітыкам прыйсці да высновы, што амерыканскіх удараў варта чакаць калі не ў бліжэйшыя гадзіны, дык у бліжэйшыя дні.

Нават прэзідэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі дапусціў сёння, што прызначаны на 1 лютага чарговы раўнд перамоваў па Ўкраіне ў Абу-Дабі давядзецца перанесці праз сітуацыю вакол Ірану.

З іншага боку, шмат хто адзначае, што да ўдараў ня дойдзе. У першую чаргу праз тое, што сам Трамп не ўяўляе, якая мэта можа стаяць за гэтымі ўдарамі. Відавочна, што зрынанне рэжыму аятолаў і дэмакратызацыя Ірану не стаіць у ягоных прыярытэтах. Таму ён свае ваяўнічыя заявы перамяжае з заявамі прымірэнчымі, не адмаўляючы імавернасці дыпламатычнага вырашэння канфлікту. Калі, канечне, такія заявы – не элемент блефу, накіраванага на дызарыентацыю іранскага кіраўніцтва.

З перспектывамі дыпламатычнага трэку можа быць звязанай інфармацыя, што ўчора позна ўвечары ў Іране падняўся ў паветра самалёт Airbus A-321 з бартавым нумарам IRAN07, які ў публікацыях пазначаецца як «іранскі ўрадавы». Праляцеўшы па-над Азербайджанам, ён блізу апоўначы прызямліўся ў Маскве. У СМІ гучаць меркаванні, што такім чынам у Маскву мог прыбыць прэзідэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян.

Аніякіх афіцыйных падрабязнасцяў гэтага палёту і ягоных мэтаў няма. Але, калі ўлічыць, што Расія імкнецца адыгрываць ролю «пасярэдніка» ва ўрэгуляванні напружанасці паміж ЗША і Ізраілем з аднаго боку, і Іранам – з другога, дык цалкам можа быць, што прадставай з’яўляюцца перамовы на гэтую тэму. Тым больш, што ўчора ў Маскву прыляцеў Мухамед бен Заід Аль Нахайян – прэзыдэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Дарэчы, менавіта ў сталіцы ААЭ – горадзе Абу-Дабі – праходзяць перамовы паміж дэлегацыямі ЗША, Украіны і Расіі па вайне ва Украіне.

У любым выпадку, падзеі вакол Ірану адаб’юцца і на сітуацыі ва Усходняй Еўропе. Таму працягваем сачыць за развіццём падзеяў.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page