Ці прысутнічае дэмакратычнасць у нашай дэмакратыі?
- 15 июл.
- 3 мин. чтения

Да той сітуацыі, у якой цяпер апынулася беларускае грамадства, можна ўспрымаць і як выклік, і як магчымасці. Магчымасці ў пляне выпрацаваць такія механізмы, якія дазволяць адразу пасля падзення рэжыму Лукашэнкі перайсці да пабудовы дэмакратычнай Беларусі. Не губляючы дадатковы час на экпэрыменты й абкатку розных варыянтаў, якія, тым болей, могуць несці ў сабе рызыку аднаўлення дыктатуры.
Актуальная праблема
Як мы заўжды казалі, Каардынацыйная Рада – гэта як раз той інструмент, які дае магчымасць «абкатаць» для будучай Беларусі механізмы, якія дазволяць пабудаваць такую сістэму стрымак і процівагаў, якая будзе здольнай паўстаць надзейным бар’ерам на шляху тых, хто пажадае пабудаваць у Беларусі новую дыктатуру.
Як усе ведаюць, на прайшоўшых выбарах у Каардынацыйную Раду адзін з спісаў атрымаў падаўляючую перавагу. Гэта – выбар беларусаў і яго трэба паважаць, тут няма аніякіх сумненняў. Але пры гэтым варта памятаць, што дэмакратыя – гэта не бальшавісцкі «дэмакратычны цэнтралізм», калі меншасць абавязана безумоўна падпарадкоўвацца большасці. Дэмакратыя тым і вызначаецца, што пры ёй меркаванне меншасці павінна ўлічвацца. Іначай гэта ўжо не дэмакратыя, а самая сапраўдная дыктатура. І вось мы бачым, што ў цяперашнім складзе КР фракцыя, утвораная з чальцоў гэтага спісу, утварыўшы кааліцыю з яшчэ адной фракцыяй, мае магчымасці блякаваць і ігнараваць прапановы ўсіх іншых фракцыяў. Такая сітуацыя, пры іншых абставінах і ў паўнавартасным парлямэнце можа ўтварыць падставы для ўсталявання «аднапартыйнай» дыктатуры з пазбаўленнем меншасці права голасу і самымі сур’ёзнымі нгаступствамі для грамадства.
Будучая беларуская палітычная сістэма мусіць мець абарону ад такога развіцця падзеяў. Мы з нашай фракцыяй Аб’яднаная грамадзянская плятформа бачым сваёй задачай прапанаваць механізмы, здольныя забяспечыць працы КР большую дэмакратычнасць, каб меркаванне меншасці не ігнаравалася.
Падобную функцыю можа выконваць такі орган, як Нарада фракцыяў, якая займаецца, у тым ліку, вызначэннем павесткі на кожнае наступнае паседжанне КР. Цяперашні механізм функцыянавання гэтага органу дазваляе дамінуючым фракцыям блякаваць любыя прапановы меншасці. Гэта і ёсць тая небяспечная сітуацыя, якая пагражае дэмакратыі.
Лідэр нашай фракцыі Мікалай Казлоў адзначае:
«Недахоп існуючага становішча ў тым, што пераважная большасць фракцыяў фактычна не маюць права голасу ў Нарадзе фракцый. Дзьве вялікія фракцыі могуць заблакаваць вынясенне любога пытання на абмеркаванне і галасаванне на Агульным паседжанні. У такой сітуацыі ні адна іншая фракцыя або ўсе, хто застаўся разам, не ў стане ўзняць сапраўды вострае пытанне, якое хвалюе і дэлегатаў і беларусаў выбарцаў. Таму існуючы стан рэчаў у Нарадзе фракцый неабходна мяняць. І на наш погляд адна фракцыя – адзін голас, калі гаворка ідзе аб парадку дня, гэта аптымальнае і лагічнае рашэнне.»
Маецца праблема – маецца нашая прапанова па яе вырашэнні
У сувязі з гэтым нашая фракцыя падрыхтавала наступны варыянт рашэння па Нарадзе фракцыяў, якое можа ў значнай ступені выправіць сітуацыю і дазволіць меншасці мець свой голас:
Рашэнне Каардынацыйнай рады Беларусі
прынята агульным пасяджэннем «__» ліпеня 2026 годаУнесці ў Статут (Рэгламент) Каардынацыйнай рады Беларусі наступныя змены адносна парадку галасавання ў Нарадзе фракцый:
1. Аб змене парадку галасавання ў Нарадзе фракцый Каардынацыйнай рады
Змяніць парадак галасавання (падліку галасоў) у Нарадзе фракцый Каардынацыйнай рады, каб забяспечыць роўнасць магчымасцей фракцый і ўдзел у працы Нарады фракцый усіх фракцый, незалежна ад іх колькаснага складу. Для гэтага ўнесці ў Статут наступныя змены:
1.1 Змяніць сказ «Прадстаўнік адной фракцыі мае колькасць галасоў, якая роўна колькасці сяброў фракцыі» ў пункте 4.3.1.4 Статута выклаўшы яго ў наступнай рэдакцыі:«Прадстаўнік адной фракцыі мае адзін голас».
Папраўка ініцыяваная фракцыяй «Аб'яднаная грамадзянская платформа».
Стаўленне іншых фракцыяў (асабліва – дамінуючых) да гэтай прапановы можа даць уяўленне пра тое, наколькі сур’ёзныя выклікі стаяць перад дэмакратыяй у асяроддзі саміх Дэмакратычных сілаў.



Комментарии