top of page

Еўрапейская Народная Партыя і беларускі шлях у Еўропу

  • 20 мар.
  • 3 мин. чтения
Европейская Народная партия отмечает 50-летний юбилей
Еўрапейская Народная Партыя адзначае свой 50-гадовы юбілей.

Юбілей Еўрапейскай Народнай Партыі (ЕРР) дае нагоду зірнуць на палітычныя партыі як на той інструмент, які дазволіць беларускаму грамадству ажыццявіць свае найвышэйшыя мары – камфортна і бяспечна жыць у сваёй краіне, калі ні Беларусі ніхто не пагражае, але й ад Беларусі ні для каго не зыходзіць пагрозы.


У той сітуацыі, у якой апынулася нашая краіна, фраза «Беларусь – у Еўропу» ператварылася з сымбалю прагі да свабоды і лепшага жыцця ва ўмову, неабходную для выжывання беларускай нацыі. Фактычна, цяпер толькі Еўрапейскі Звяз (акрамя саміх беларусаў і ўкраінцаў) з’яўляецца той сілай, якая зацікаўлена ў аднаўленні незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Бо ён разумее, што ў адваротным выпадку тэрыторыя Беларусі зробіцца пляцдармам атакі на незалежнасць і дэмакратыю ўжо ў тых краінах, якія ўваходлзяць у ягоны склад.

Больш за тое, у бягучы момант складаюцца добрыя ўмовы ня толькі для агучвання гэтага лёзунгу, але й для практычных крокаў да ягонай рэалізацыі. Легітымнасць, якую мае ў вачох еўрапейцаў Святлана Ціханоўская, адчыняе ёй дзверы высокіх еўрапейскіх кабінетаў і дазваляе даносіць да галоўных еўрапейскіх палітыкаў беларускую павестку. Тую, у якой галоўная мэта – ня каб палітвязні з турмаў выходзілі, а каб палітвязняў у Беларусі не было ў прынцыпе, і каб нашая краіна не з’яўлялася крыніцай пагрозы для суседніх народаў. А дасягнуць гэтага можна толькі пры вызваленні Беларусі ад дыктатарскага рэжыму.

Але магчымасці данясення гэтай павесткі можна значна ўзмацніць, калі выкарыстаць магчымасці палітычных партыяў і іхнія міжнародныя сувязі. І тут вялікія перспектывы супрацы з еўрапейскімі палітыкамі  адчыняюцца праз інстытут ЕРР.

Еўрапейская Народная Партыя, якая цяпер адзначае свой 50-гадовы юбілей, паўстала ў 1970-ых як аб’яднанне, пераважна, хрысціянска-дэмакратычных партыяў. Так: у ХХ ст. ядналіся ня толькі «пралетарыі ўсіх краін», але і дэмакраты. Папярэнікамі ЕРР былі такія аб’яднанні, як Міжнародны сакратарыят храсціянска-дэмакратычных партыяў (існаваў у міжваенны перыяд) і такія аб’яднанні як Новыя міжнародныя каманды і Еўрапейскі саюз хрысціянскіх дэмакратаў, узнікшыя ў пасляваенныя часы.

ЕРР была ўтворана 8 ліпеня 1976-га ў Люксембургу, па ініцыятыве тагачаснага прэм’ер-міністра Бельгіі Леа Тындэманса, будучага прэм’ера Бельгіі Вільфрыда Мартэнса і французскага палітыка Жана Сэтлінгер (Сэтленжэ). Непасрэднымі падставамі для ўзнікнення гэтага аб’яднання былі набліжэнне першых усеагульных выбараў у Еўрапейскі парлямент і перавага ў той час на еўрапейскім палітычным полі сацыялістаў.

Партыя ўзнікла як натуральная рэякцыя на актуальныя праблемы, якія ўзнікалі на шляху, у тым ліку, эканамічнага развіцця еўрапейскіх краінаў. Партыя ад пачатку мела сваёй мэтай пераадолець палітычную раздробленасць, якая панавала ў той час у Еўрапейскай Эканамічнай Супольнасці, на падмурку якой потым паўстаў Еўрапейскі Саюз.

Хоць першапачаткова яна ўзнікла як аб’яднанне хрысціянска-дэмакратычных партыяў, у хуткім часе было вырашана, што ня варта абмяжоўвацца выключна хрысціянка-дэмакратычнай ідэялёгіяй. Цяпер ЕРР з’яўляецца аб’яднаннем еўрапейскіх партыяў, якія прытрымліваюцца ліберальна-кансэрватыўных пазіцыяў.

Цяпер ЕРР з’яўляецца найбуйнейшай правацэнтрысцкай палітычнай сілай у Еўрапейскім Саюзе, якая аб’ядноўвае больш за 80 партый і фармуе найбуйнейшую фракцыю ў Еўрапарламенце. EPP адыгрывае ключавую ролю ў прыняцці рашэнняў у ЕС і паслядоўна падтрымлівае Украіну, умацаванне бяспекі і развіццё дэмакратыі.

Дастаткова зірнуць на прозвішчы тых людзей, хто займае кіруючыя пасады ў ЕРР, каб зразумець, наколькі ўплывовай у еўрапейскай і сусветнай палітыцы з’яўляецца гэтая партыя. Сярод іх старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Еўрапарламента Роберта Мецола, федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм’ер-міністры Ульф Крыстэрсан (Швецыя), Кірыякос Міцатакіс (Грэцыя), Дональд Туск (Польшча), Петэры Орпа (Фінляндыя), а таксама іншыя кіраўнікі ўрадаў, міністры і лідары апазіцыі з краін ЕС і партнёрскіх дзяржаў.

Гэта ўсё робіць зразумелай неабходнасць выкарыстання ЕРР для прасоўвання беларускай павесткі і замацавання прысутнасці беларускіх партыяў у еўрапейскіх інстытутах.

Неабходна адзначыць, што Аб’яднаная Грамадзянская Партыя першай з беларускіх партыяў увайшла ў склад ЕРР. Гэта адбылося яшчэ ў 2006 – праз высілкі тагачаснага лідэра партыі Анатоля Лябедзькі. Цяпер існуюць магчымасці надалей развіваць супрацу на гэтым істотным для нас і нашай краіны кірунку.

І таксама варта нагадаць, што якое б скептычнае стаўленне ні існавала сярод беларусаў да Каардынацыйнай Рады, прысутнасць фракцыі нашай партыі ў гэтым органе значна ўзмацніць нашыя магчымасці ў сфэры міжнароднай супрацы і дасягнення нашых супольных мэтаў.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page