top of page

108 год шляху да незалежнасці

  • 4 дня назад
  • 4 мин. чтения
100-летие БНР в Минске
100-годдзе БНР у Менску

Адзначэнне гадавіны прыняцця Трэцяй устаўной граматы прымушае шмат каго звярнуцца да пытання: чаму тады, больш за сто год таму, у беларусаў не атрымалася ўтварыць і замацаваць сваю незалежную дзяржаву?


Можа, беларусам бракуе нейкіх якасцяў, неабходных для пабудовы сваёй дзяржаўнасці? Таму, маўляў, і ўсе наступныя высілкі здабыць свабоду (як, напрыклад, у 2020-ым) былі марнымі, і далей няма сэнсу нават спрабаваць? Але да такой высновы можа прыйсці толькі той, хто ці церпіць на беларусафобію і не жадае бачыць беларусаў незалежнай сувэрэннай нацыяй, ці ня ведае гістарычных кантэкстаў, у якіх адбываліся спробы здабыцця незалежнасці. Затое разгляд таго, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, у беларускім грамадстве, а таксама ў свеце ў той час, дадае шмат да нашага разумення гістарычнага лёсу нашай нацыі і дазваляе зрабіць неабходныя высновы на будучыню.

25 сакавіка 1918-га ў Менску нядаўна ўтворанай Радай Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчана незалежнасць і сувэрэнітэт Беларусі. У той сітуацыі такія крокі рабіліся ў розных частках былой Расійскай імперыі. Крокі да самавызначэння пачалі рабіцца пасля лютаўскай рэвалюцыі, калі была звергнута манархія. Але найбольш востра нацыянальнае пытанне паўстала пасля кастрычніцкага перавароту і прыходу да ўлады бальшавікоў. Тыя і да гэтага пераманьвалі на свой бок прадстаўнікоў розных народаў імперыі, паабяцаўшы ім права на самавызначэнне «аж да аддзялення». Больш за тое, бальшавісцкі ўрад – Савет народных камісараў – у апошні дзень 1917-га прызнаў незалежнасць Фінляндыі. Гэта давала спадзяванне на такую ж палітыку і ў дачыненні да астатніх народаў, якія стануць на шлях самавызначэння.

Аднача, як прадэманстравалі паводзіны тых жа бальшавікоў у Менску, дзе імі быў разагнаны Першы ўсебеларускі з’езд (што адбылося за два тыдні да прызнання Фінляндыі), стаўленне да незалежнасці розных народаў імі было вельмі абіральным. Як паказала далейшая гісторыя, бальшавікі дзеля ўсталявання свайго кантролю над часткамі былой імперыі не спыняліся перад выкарыстаннем ні вераломства, ні ўзброенай сілы.

Перад гэтымі інструментамі не ўстаялі абвясціўшыя сваю незалежнасць краіны Каўказу і Цэнтральнай Азіі. Україна, якая мела, у параўнанні з Беларуссю, куды большы рэсурс, таксама ня вытрымала ўзброенага процістаяння з Савецкай Расіяй.

Для Беларусі сітуацыя была яшчэ больш складаная. Першая сусветная прывяла да таго, што сваю радзіму пакінула вялікая колькасць беларусаў, якія ратаваліся ад баявых дзеянняў. Затое на ейную тэрыторыю прыйшлі вялікія масы вайскоўцаў, інтарэсы якіх былі далёкімі ад інтарэсаў беларусаў. Гэта ўжо ўтварала вялікую няроўнасць у процістаянні беларускага грамадства і ўзброеных вайскоўцаў. Яны і вызначалі хаду падзеяў – перыядычна акупуючы часткі нашай краіны ці адступаючы з іх. Беларусам, якія выступалі за незалежнасць, у гэтым пляне было цяжэй, чым іншым нацыям.

Тут, канечне, можна заўважыць, што ў палякаў і народаў Балтыі атрымалася адстаяць сваю дзяржаўнасць. Але тут зноў варта звярнуць увагу на суаднясенне рэсурсаў. Расійскія бальшавікі вялі баявыя дзеянні на шматлікіх кірунках – як супраць унутрырасійскіх праціўнікаў, так і супраць нацыянальных рухаў. Таму яны канцэнтравалі асноўныя сілы на тых напрамках, якія лічыліся істотнымі. Беларусь, як найбліжэйшы шлях у Еўропу, якая тады лічылася цэнтрам сусвету, была, безумоўна, сярод іх. Тым болей, што за Беларуссю ляжала Польшча, якую таксама трэ было «вярнуць у родную гавань».

Тым ня менш, Польшча выстаяла. Не без дапамогі беларусаў, якія ваявалі ў польскіх легіёнах за незалежнасць гэтай краіны. Як ваявалі яны ў складзе беларускага асобнага батальёну ў арміі Літвы, чым дапамаглі ёй таксама адстаяць сваю незалежнасць. А вось адстаяць сваю дзяржаву яны ня здолелі. Хоць і спрабавалі – прыгадайма вядомы Слуцкі збройны чын. Не атрымалася ў іх з вышэй названых падставаў – брак рэсурсаў у параўнанні з рэсурсамі праціўніка.

Але варта адзначыць і ўнутраныя праблемы, якія таксама адыгралі сваю ролю. У першую чаргу, усё ж, адчувалася слабасць беларускага нацыянальнага руху. Хоць ён нарадзіўся яшчэ ў першай палове ХІХ ст., але ня выйшаў на той узровень моцы, на які ён мог бы выйсці. І тут вельмі істотным момантам былі сацыяльна-палітычныя супярэчнасці, якія моцна аслабілі ягоны патэнцыял.

Усе ведаюць, што ля вытокаў БНР стаялі, пераважна, прыхільнікі левых, сацыял-дэмакратычных поглядаў. У пачатку ХХ стагоддзя сацыял-дэмакратычныя ідэі, у тым ліку, у радыкальным выглядзе, мелі вялікую папулярнасць. Што і адлюстравалася на беларускім нацыянальным руху. Наяўнасць у ім радыкальных левых ідэяў адштурхоўвала сярэдні і вышэйшы слаі беларускага грамадства, куды ўваходзілі, пераважна, заможныя землеўладальнікі. Яны мелі сімпатыі і адчувалі прыязнасць да беларушчыны, але не маглі спачуваць тым, хто ўзяўся гэтую справу прасоўваць. Пра гэта піша, у прыватнасці, Эдвард Вайніловіч – адзін с самых уплывовых людзей дарэвалюцыйнай Беларусі, фундатар менскага Чырвонага касцёлу. Ён ператварыў Менскае таварыства сельскай гаспадаркі, якое ўзначальваў доўгі час, фактычна ў першую беларускую палітычную партыю. Прычым, ліберальна-кансэрватыўнага характару (што робіць яго годным увагі з боку чальцоў нашай партыі). Яго вельмі напружвалі радыкальныя падыходы тагачасных нацыянальных беларускіх сацыял-дэмакратычных дзеячоў. І тым больш ня мог ён пагадзіцца (як і іншыя нацыянальна арыентаваныя заможныя людзі) з заявай аб адмене ў БНР прыватнай маёмасці на зямлю, абвечанай у Другой устаўной грамаце.

Такое адштурхоўванне людзей, якія не маглі пагадзіцца з левымі радыкальнымі ідэямі, нанесла вялікую страту беларускаму незалежніцкаму руху. У выніку сярод тых, хто мусіў будаваць незалежнасць, не было людзей з гаспадарчым і палітычным досведам, а таксама тых, хто меў аўтарытэт у розных колах грамадства. Наяўнасць такіх людзей у Радзе БНР адразу б падвысіла шанцы на арганізацыю ўнетранага жыцця, паспяховую дыпламатычную дзейнасць і дало б доступ да большых фінансавых рэсурсаў.

Цяпер, больш чым праз стагоддзе пасля тых падзеяў, мы можам па-іншаму на іх зірнуць, і зрабіць выснову, што поспех незалежніцкага руху вызначаецца ня столькі радыкалізмам удзельнікаў і непрыяццем іншых, колькі аб’яднаннем рэсурсаў. Але зноўку, каб аб’яднанне рэсурсаў зрабілася магчымым і дало плён, нельга мець істотныя каштоўнасныя адрозненні, у тым ліку – у пытаннях маёмасці, як бы модна ні было лічыць, што прыватная маёмасць – гэта кепска. Ну і канечне, галоўнай аб’ядноўваючай каштоўнасцю мусіць быць незалежнасць і дэмакратычнасць Беларусі.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page