Поспех і пагроза дэмакратыі: латвійскія ўрокі

3 кастрычніка ў Латвіі прайшлі выбары ў парлямэнт. І гэтыя вынікі пакідаюць няпростае ўражанне.
Па-першае, перамога праэўрапейскага правацэнтрысцкага «Аб’яднанага спісу» дэманструе, што ў латвійскім грамадстве прысутнічае высокі попыт на «ратавальны балянс», які дазваляе трымаць сітуацыю ў раўнавазе, не схіляючы яе ні моцна ў права, ні моцна ў лева. Што, безумоўна, абнадзеевае. Больш за тое, «Аб’яднаны спіс» прадэманстраваў рэкордны вынік: дагэтуль аніводная палітычная сіла Латвіі не магла пераадолець бар’ер у 35% галасоў. Адпаведна, у яго будзе 41 дэпутацкі мандат з 100. Адзначым, што такі вынік «Аб’яднаны спіс» атрымаў на фоне абмежаванняў, уведзеных у Латвіі ў дачыненні да расійскай мовы. Сярод беларускага палітыкуму па-ранейшаму лічыцца, што моўнае пытанне ёсць настолькі далікатным, што закранаць яго ў аніякім выпадку нельга, і лепш яго пакінуць на нейкае там «потым». Тым самым яны закладаюць бомбу пад будучыню Беларусі, але гэта – іншая тэма.
З іншага боку, другое месца займае правапапулісцкая партыя «Латвія на першым месцы». Яе лідэр – Айнарс Шлесерс – тып палітыка-папуліста, які бярэ сваім моцным напорам. За сваю манэру паводзіць сябе пад час выбарчай кампаніі 2010-га ён атрымаў мянушку «бульдозер», якой вельмі ганарыўся. Шлесерс вядомы сваімі сімпатыямі да Дональда Трампа, а таксама жаданнем развіваць гандлёвыя адносіны з Беларусью і Расіяй. Па некаторых даных, ягоная сям’я мае сувязі з прадпрыемствам Riga Fertilizer Terminal, якое было агульным праектам з «Уралхимом», суўладаром якога зьяўляецца Дмітрый Мазепін.
Ды й партыя, у асноўным, будуецца вакол яго, а не вакол пэўных каштоўнасцяў. Калі казаць пра ейную рыторыку, дык яна грунтуецца на абяцаннях зніжэння падаткаў ды павялічэння сацыяльных выплатаў. Яшчэ адна тэма – зрабіць выбары прэзідэнта ўсенароднымі, што мусіць імпанаваць «простым людзям». Ну і зрабіць пасаду прэзідэнта больш значнай, чым яна зьяўляецца цяпер, калі прэзідэнт абіраецца парлямэнтам. Пакуль «Латвія на першым месцы» значна адстае па сваіх выніках ад «Аб’яднанага спісу», атрымаўшы амаль у тры разы меней галасоў – 13%. Але, як гавораць дасведчаныя сацыёлягі, галоўнае – ня лічбы, галоўнае – трэнды. А трэнд такі, што ў параўнанні з папярэднымі выбарамі 2022-га «Латвія на першым месцы» ў два разы павялічыла сваю падтрымку (6,31%). Менавіта такім шляхам ідуць шматлікія іншыя папулісцкія партыі – паступова павялічваючы сваю электаральную падтрымку.
Нягледзячы на тое, што двзе траціны выбарцаў у Латвіі зьяўляюцца расійскамоўнымі, а цяперашняя палітыка, як было сказана вышэй, скіравана на абмежаванне ўжытку расійскай мовыры, на папулярнасці сілаў, якія арыентуюцца на расійскамоўных, гэта, падобна, не адбілася. Партыя, якая, у асноўным, абапіраецца на расійскамоўны электарат – «Суверэнная ўлада / Младалатышы» – заняла трэцяе месца, набраўшы 11,7%. Ейная лідэрка – Юлія Сцепаненка – была ў 2022-ім выключана з партыі Шлесерса за адмову падтрымаць партыйную пазіцыю па асуджэнні расійскага ўварвання ва Украіну. Цікавая акалічнасць усплыла за тры тыдні да выбараў: за апошнія гады Сцепаненка атрымала ад свайго бацькі, якія пражывае ў Расіі, падарункі на суму ў амаль 420 тыс. эўра ( у тым ліку – кватэру ў Рызе вартасцю ў 180 тыс. эўра). Пры гэтым сам бацька палітыкесы валодае ў Расіі фірмай, якая вырабляе «зубы дракону» (бэтонныя ўмацаванні) для расійскай арміі.
У матэрыялах, прысвечаных вывучэнню расійскіх медыя і наратываў, датычных Латвіі пад час элекцыйнай кампаніі, адзначаецца, што «Суверэнная ўлада / Младалатышы» карысталася найбольшай падтрымкай і найчасцейшых прыгадванняў у расійскіх медыя й звязаных з Расіяй рэсурсаў. Даследчыкі таксама звярнулі ўвагу на актыўнасць дэзінфармацыйнага сеціва Storm-1516, звязанага з расійскай выведкай. Гэтае сеціва займаецца клянаваннем сайтаў і відэа вядомых і надзейных рэсурсаў, ад імя якіх запускае ў медыйную прастору фэйкавыя сюжэты. Партал Delfi паведамляў пра зьяўленні сюжэта пра забойства ўкраінцам пад час вучэнняў у Латвіі трох службоўцаў NATO. Пры гэтым партал адзначае, што супраць краінаў Балтыі такі метад быў выкарычстаны ўпершыню. А значыць, беларусам таксама трэба рыхтавацца да зьяўлення падобных фэйкаў і ставіцца крытычна да інфармацыі, асабліва «сэнсацыйнага» характару.
Пры гэтым адзначаецца, што расійская прапаганда не пакінула значнага ўплыву на вынікі галасавання. Што ня можа ня радаваць. Але існуе адна акалічнасць, якая моцна бянтэжыць. Так, прарасійскія (ці не варожыя Расіі) сілы не трыюмфавалі на гэтых выбарах. Але ўчорашняе галасаванне паставіла яшчэ адзін, але на гэты раз сумны рэкорд. Удзел у ім прыняў 51% грамадзянаў, якія маюць права голасу. Такой нізкай яўкі электаральная гісторыя Латвіі яшчэ ня ведала.
І гэта як раз можа быць вынікам працы расійскіх рэсурсаў. Сярод тых наратываў, якія яны закідываюць у грамадства, далёка не апошняе месца займаюць тэмы, накіраваныя на падвышэнне недаверу да нацыянальных палітычных сілаў, асобных палітыкаў, палітычных інстытутаў, да дэмакратыі ў цэлым. Праца ідзе на паніжэнне палітычнай актыўнасці й палітычнага ўдзелу шырокіх масаў.
Нам гэтая стратэгія добра знаёма. З ёю мы сутыкаліся яшчэ да 2020-га. А апошні раз яна найбольш яскрава праявіла сябе пад час выбараў у Каардынацыйную Раду. Там да звычайнага ўніверсальнага набору дэматывуючых тэмаў (недавер да палітыкаў, нявер’е ў здольнасць на штосці паўплываць праз выбары, неразуменне сэнсу ва ўдзеле ў палітычным працэсе) дадалася яшчэ тэма агрэсіўных пагрозаў расправы над удзельнікамі працэсу ці іхнімі родзічамі ў Беларусі. Як гаворыцца, зірніце ў будучыню, тыя, хто ня хоча прымаць удзел у цяперашніх выбарах у дэімакратычных краінах.
Такім чынам, выбары ў Латвіі паказалі: палітычна аткыўная частка насельніцтва абірае тую сілу, якая трымаецца сярэдзіны. Але галоўныя ворагі дэмакратыі – папулізм і адмова ад палітычнага ўдзелу – уяўляюць сабой істотную патэнцыйную пагрозу.



Комментарии