top of page

Калі вашыя мары здзяйсняюцца ў іншых

  • 8 часов назад
  • 3 мин. чтения
Centralny Port Komunikacyjny (CPK)
Centralny Port Komunikacyjny (CPK). Фота праекта Foster + Partners

Даводзілася часта чуць мары пра ператварэнне Беларусі ў буйны транспартны хаб. А што – марыць нікому не забаронена. Нават ва ўмовах дыктатуры.


Іншая справа, што сама сістэма дыктатуры мурам каменным паўстае паміж марамі і іх ажыццяўленнем. Бо калі ўзяць той жа хаб, дык няма аніякага сэнсу будаваць яго ў краіне, пераўтворанай высілкамі дыктатуры ў сусветны тупік. А да гэтага яшчэ дадаецца адсутнасць сродкаў – крэдытаў пад гэта не даюць, нават кітайцы. А калі яшчэ дадаць брак працоўнай сілы, якую тая ж дыктатура старанна выпіхвае за мяжу, застаецца толькі сумаваць па сваех марах. Гэта само па сабе крыўдна, але яшчэ больш крыўдна, калі тыя мары проста на вачох здзяйсняюцца ў іншых…

Вось у Польшчы абвесцілі пра пачатак будаўніцтва побач з Варшавай новага буйнога транспартнага хабу. Будаваць яго будуць на замену аэрапорту Шапэна, які ўжо не дае рады вялікай плыні пасажыраў і неабходнасці прымаць вялікую колькасць самалётаў, у тым ліку і буйных. Таму яшчэ некалькі год таму было прынятае рашэнне будаваць новы аэрапорт. Звернем увагу на істотную акалічнасць: рашэнне было прынята не на пустым месцы, у разліку на нейкую далёкую нью-васюковую перспектыву, а ў адказ на актуальныя патрэбы. То-бок, аўтары ідэі дакладна ведалі, ува што і навошта трэба ўкладаць грошы, і гэта дакладна была ня мара.

Пляцоўку для будаўніцтва абралі ў 40 км на паўднёвы захад ад Варшавы ў гміне Баранаў Мазавецкага ваяводства. Адразу ўзнікае аналёгія з нашым Мінск-2, які, падобна, прынцыпова адмаўляецца быць зручным у злучэнні з горадам. Але новаму Варшаўскаму аэрапорту гэта не пагражае: лягістыка прадумана такім чынам, што да Варшавы Цэнтральнай можна будзе даехаць за 15 (!) хвілінаў. І гэта яшчэ ня ўсё. Новы аэрапорт будзе мець хуткае і зручнае злучэнне ня толькі з сталіцай, але і з іншымі польскімі гарадамі, і нават з нямецкімі.

Праект атрымаў назву “Цэнтральны камунікацыйны порт” (Centralny Port Komunikacyjny, CPK), і гэта будзе ня толькі паветраны вузел злучэння, але й чыгуначны. У дадатак да гэтага паблізу праходзіць аўтастрада А2, якая ідзе ад Варашавы да мяжы з Нямеччынай (а ў іншы бок – да мяжы з Беларуссю).

Такі буйны праект патрабуе вялікіх грошай. Пакуль мяркуецца, што на будаўніцтва ўсяго комплексу – разам з чыгуначнымі шляхамі – пойдзе больш за 30 млрд еўра. Але гэтыя вялікія траты дадуць і вялікія магчымасці. Ня кажучы пра тыя выгады, якія прынясе новы транспартны хаб, ужо на этапе будаўніцтва ён дазволіць утварыць 18 тыс. новых працоўных месцаў. Калі хаб пачне функцыянаваць, абслугоўваць ягоную працу будуць 35 тыс. чалавек, яшчэ 2 тыс. будуць працаваць на чыгунцы.

Тут паўстае пытанне, якога не пазбегнем і мы – з усімі нашымі марамі: як знайсці працоўную сілу для ўсіх гэтых вакансіяў? Польшча, заўважым, таксама знаходзіцца ў дэмаграфічным крызісе, хоць і не такім, як Беларусь. Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне прагназуе, што да 2048 году колькасць патэнцыйных работнікаў працаздольнага ўзросту (20-65 гадоў) скароціцца на 3,7 млн – з цяперашніх 22,2 млн да 18,5 млн (па прагнозах, якія можна лічыць вельмі аптымістычнымі, у Беларусі ў гэты час будзе ўсяго жыць 8 млн; злыя языкі сцвярджаюць, што такая колькасць – с тэндэнцыяй да зніжэння – пражывае ў Беларусі ўжо цяпер).

Сярод метадаў прыцягнення працоўнай сілы, бадай, найбольш простым з’яўляецца міграцыя ў краіну. Але, як шмат хто разумее, такі метад спадабаецца далёка ня ўсім: ксэнафобія – досыць моцнае пачуцце, на якім з вялікай ахвотай будуць граць рознага кшталту палітычныя сілы і палітыкі-папулісты. Таму распрацоўнікі плянаў на такія буйныя праекты імкнуцца шукаць іншыя рэсурсы. У выпадку з СРК прапануецца перацягнуць на будоўлю, а потым на працу ў хабе работнікаў з тых галінаў эканомікі, якія цяпер знаходзяцца ў заняпадзе. Але пытанне, наколькі гэтае рашэнне будзе эфектыўным, застаецца адкрытым. А нам варта будзе ўважліва глядзець і пераймаць досвед, які пасля падзення дыктатуры будзе для Беларусі зусім не залішнім. Тым больш, што хто яго ведае – можа, пасля выхаду з тупіку дыктатуры усё ж з’явіцца патрэба ў такім хабе і пад Менскам?


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page