Лакмусавая паперка для «Глабальнага поўдню»
- ksnsanny2024
- 6 дней назад
- 2 мин. чтения

Не сакрэт, што Кітай і Расія ў сваёй палітыцы процістаяння Захаду робяць стаўку на гэтак званыя краіны «глабальнага Поўдню». Вось толькі што яны могуць прапанаваць гэтым краінам?
Іранскі крызіс дазволіў зірнуць, што адбудзецца, калі гэтая рыторыка сутыкнецца з суровай рэяльнасцю.
У мінулую суботу ля ўзбярэжжа Паўднёвай Афрыкі распачаліся вучэнні флатоў краінаў BRICS+ – арганізацыі, дзе рэй вядуць Кітай ды Расія, і куды шчыміцца цяперашні беларускі рэжым.
У вучэннях мусілі прымаць удзел і караблі Ірану. Некаторыя нават падумалі, што гэтыя вучэнні з’явіліся рэякцыяй на пратэсты ў Іране: маўляў, рыхтуемся абараняць родных аятолаў!
Але – не. Такія вучэнні праводзіліся ўжо некалькі разоў, а ступень гатоўнасці тых жа Кітаю і Расіі абараняць сваіх саюзнікаў ваеннымі мерамі істотна адстае ад гатоўнасці Трампа прымяніць супраць тых саюзнікаў сілу (нават з улікам апошніх зменаў у пазіцыі па Іране).
Праз тры дні ад пачатку вучэнняў Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, якая выконвае ролю прымаючага боку, папрасіла іранскія караблі пакінуць іх. Падстава – заява Трампа аб увядзенні ў ЗША 25% тарыфаў на бізнэс любой краіны, якая мае, адначасова, бізнэс з Іранам.
Паўднёвыя афрыканцы ўзважылі «за» і «супраць», і вырашылі, што Іран – ня тая краіна, дзеля якой варта рызыкаваць сваёй эканомікай.
Больш за тое, у паўднёваафрыканскай прэсе пачалася рэфлексія на тое, што Кітай, які з’яўляецца галоўным элементам BRICS+ – краіна з таталітарнай сістэмай, а другая па значнасці краіна арганізацыі – Расія – імкліва ў таталітаршчыну скочваецца. Узнікае пытанне: што робіць у гэтай кампаніі, якую цяпер шмат хто пазначае як «вось зла», такая дэмакратычная краіна, як ПАР? Ды ўвогуле, наколькі з’яўленне ПАР побач з Кітаем, Іранам, Расіяй можа спрыяць захаванню прынцыпа недалучэння (не блытаць з «фінляндызацыяй»), на якім грунтуецца знешняя палітыка краіны? Ды й што скажуць на гэта такія відавочна выгадныя паўднёвы афрыканцам заходнія партнэры?
Бачна, што як бы не надавалі BRICS+ вобраз саліднай і перспектыўнай арганізацыі, калі справа даходзіць да рэяльных эканамічных і палітычных разлікаў, выбар робіцца не на карысць яе. А да прыкладу ПАР могуць прыглядзецца і іншыя краіны «глабальнага Поўдню».



Комментарии