Хто вінаваты ў нізкім узаеменым таваразвароце…
- 1 день назад
- 3 мин. чтения

Не, ня той, канечне, на каго ўсе адразу падумалі. Проста бывае, што чубы трашчаць ня толькі калі паны дзяруцца, але й калі яны братаюцца.
Ахвярай братання лукашэнкаўскага рэжыму з далёкай (хоць і палітычна «блізкай») дзяржавай нечакана зрабіўся амбасадар Узбекістану ў Беларусі Рахматула Назараў. Прэзідэнт Узбекістану зняў яго з пасады за «абыякавае стаўленне да пытання інвестыцыяў і знешняга гандлю». Пан Мірзіёеў, відаць, паверыў у натхнёную балбатню Лукашэнкі пра «вялікія магчымасці й пэрспэктывы» луканомікі, і вырашыў, што ў адсутнасці пазітыўных вынікаў у эканамічных стасунках паміж краінамі вінаватая выключна амбасадарская пасіўнасць. Маецца, праўда, і іншы варыянт тлумачэння. Пабачыўшы, як Аляксандр Рыгоравіч з паўпінку ліха аддае квалкі беларускай тэрыторыі пад патрэбы Узбекістану (кды там да яго ўпраўдому Буншы з ягонай Кемскай воласцю), Шаўкат Мірамонавіч быў непрыемна здзіўлены, чаму сцяг Узбекістану яшчэ не лунае па-над шматлікімі прэзідэнцкімі рэзідэнцыямі ў Беларусі, куды ён мог бы ўехаць як паўнапраўны гаспадар. Але варта разумець, што для Аляксандра Рыгоравіча прэзідэнцыі – гэта святое! Гэта вам не зямлю беларускую раздаваць арабам, кітайцам ды ўзбекам.
Цяпер, калі асноўная перашкода (пан Назараў) на шляху актывізацыі ўзаемнага гандлю будзе выдалена, Беларусь і Узбекістан будуць куды больш актыўна перакідвацца бьульбай (дысклеймер: па словах главы «адміністрацыі іпрэзідэнта» гаспадзіна Дзмітрыя Крутога, увесну ў Беларусь ляціць узбецкая бульба, увосень ва Узбекістан ляціць беларуская), а беларускія пашы будуць каласіцца мяснымі прадуктамі для ўзбецкага рынку, таваразварот вырасце аж да 2 млрд варожых даляраў! Справа падаецца надзейнай: гэты рост заплянаваны да 2030-га, а па завярэннях нашых аналітыкаў, транзіт улады да гэтага часу не адбудзецца. Таму ўзбецкія інвестыцыі ўвесь гэты час будуць пад надзейнай абронай рэжыму! І хай толькі гэтая лічба ня будзе дасягнутай – любы амбасадар адкажа за гэта з усёй жэстачайшасцю беларуска-узбецкіх рэяліяў.
Праўда, гэтая лічба з будучыні – 2 млрд даляраў (варожых) таваразвароту – была, напрыклад, у 2021-ым у таваразвароце паміж Беларуссю і Літвой (якая па насельніцтве больш чым у 10 разоў саступае Узбекістнау). Але рэжым не шукае простых шляхоў! Яму абавязкова трэба ізаляваць Беларусь ад выгадных партнэраў, каб потым пакутліва шукаць рсоту таваразвароту з краінамі «далёкай дугі». Але тут узнікае пытанне: наколькі шчырымі зьяўляюцца гэтыя «пошукі», і наколькі Лукашэнку, сапраўды, турбуе стан беларускай эканомікі? Бо вось жа яна – выгада – за бліжэйшымі межамі, а не за пустэльнямі-акіянамі. Усяго нічога: спыні гібрыдную вайну супраць суседзяў ды рэпрэсі супраць уласнага народу, «папрасі» з сваёй тэрыторыі расійскія войскі з усімі іхнімі «арэшнікамі» ды «іскандэрамі», кінь усіх палохаць ядравай вайной… Мо, запытаеце вы, яшчэ й выбары свабодныя справядлівыя правесці? Не, вы, канечне, маеце рацыю: ня трэба ад рэжыма патрабаваць таго, чаго ён ня ў стане зрабіць. Таму працягваем: вайна – суседзям, турма – народу, зямля – далёкай дузе. Ну а страты Масква кампенсуе, таму няма тут чаго пераймацца... Праўда, у Масквы з рэсурсікамі штосці пагоршылася сітуацыя. Але ж гэта – ейныя праблемы. Таму ўсе гэтыя «працяглыя камандыроўкі», якія ў нас так любяць аналізаваць, - ня больш, чым раса боская ў вочы беларусаў.
І калі ўжо параўноўваць аб’ёмы ўзаемнага гандлю, дык таваразварот паміж Узбекістанам і той жа Літвой (якая, нагадаем, па словах рэжымных прапагандыстаў ужо ўся ўнутрана развалілася) складае ў бягучы час каля 0,5 млрд даляраў. То-бок, усяго ў два разы меней за таваразварот паміж Узбекістанам і Беларусьсю, узмоцненай і рэжымам, і чальством у Саюзнай дзяржаве, і ў АДКБ, і ў еўразэсах, и нават у ШАС амаль разам з БРЫКС… А ўсё, мусіць, таму, што там узбецкі амбасадар не такі пасіўны, як пан Назараў.



Комментарии