top of page

Галоўны наратыў

  • 12 июл.
  • 4 мин. чтения
Попытки разъединить демократические силы Беларуси

За апошнім часам можна заўважыць, што тэма падзелу беларусаў на тых, хто зьехаў за мяжу, і тых, хто застаўся ў краіне, выпадае з-пад крытычнага ўспрыяцця й ператвараецца ў агульнапрыняты факт.

 

Не, пытанняў няма: у сітуацыі, калі частка грамадства трапляе за межы краіны, разыходжанне з тымі, хто застаўся, зьявіцца непазбежна. Але ў нашым выпадку гэтая тэма пачынае пераводзіцца ў катэгорыю ня проста розных умоваў існавання, а ў катэгорыю антаганізму. Нават у публікацыях і каментарах аналітыкаў можна заўважыць, што процістаянне «зьехаўшых» і «тых, хто застаўся» робіцца аксіёмай, якая не патрабуе доказаў.

Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў выказваннях тых, хто ўзяў на сябе ролю абаронцы гэтак званых «простых беларусаў», вобраз якіх падазрона падпадае пад рэжымны чаркашкварачны ідэял. Імі ўпарта ўтвараецца вобраз тых, хто застаўся ў Беларусі, як людзей, цалкам задаволеных жыццём пры дыктатуры, але пакутуючых ад санкцыяў, якія абрынулі на іхнія галовы Дэмакратычныя сілы і асабіста Ціханоўская. Тэма суўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны імі ўжо ня можа ігнаравацца, як раней. Але гэта для іх абарочваецца праблемай, бо даводзіцца парушаць лёгіку. З аднаго боку, Беларусь ня ўцягнута непасрэдна ў баявыя дзеянні (дзякуючы Лукашэнку, зразумела!), а з іншага, беларусы, якія працуюць на прадпрыемствах, што абслугоўваюць расійскі ВПК і непасрэдна расійскую армію, ня робяць анічога заганнага, бо «а што ж ім яшчэ рабіць». Заўвагі, што такая праца можа прывесці да ўдараў па адпаведных прадпрыемствах, перакручваюцца ў быццам «жаданне знішчыць усіх беларусаў дзеля перамогі Украіны». Тут варта адзначыць, што пры ўсім нежаданні пабачыць удары па тэрыторыі Беларусі, дзеянні рэжыму пакідаюць усё менш шанцаў на тое, што іх атрымаецца пазьбегнуць. Хоць Дэмакратычныя сілы ўпарта працуюць над тым, каб гэтага не было. І пакуль яны гэта робяць, шанец, што атрымаецца пазбегнуць горшага сцэнагру, хоць і мізэрны, але застаецца.

У той жа час, настроі беларускага грамадства, відавочна, далёкія ад таго, якімі спрабуюць паднесці іх разнастайныя абаронцы рэжыму. Безумоўна, сярод тых, хто застаўся ў Беларусі (як і сярод тых, хто зьехаў) можна знайсці пэўны адсотак людзей, якім усё роўна на тое, які рэжым будзе ў Беларусі, і нават на тое, ці захаваецца Беларусь як самастойная дзяржава. Але большасць людзей маюць сваёй марай і мэтай свабодную незалежную дэмакратычную Беларусь. І гэта ў роўнай ступені тычыцца як тых, хто зьехаў, так і тых, хто застаўся. А паколькі гэтая мэта зьяўляецца процілеглай мэтам і Расіі, і рэжыму Лукашэнкі, вялікія рэсурсы накіроўваюцца на ўтварэнне расколу ў беларускім грамадстве – у тым ліку, праз навязванне самога наратыву пра раскол, каб прымусіць людзей у яго паверыць і прыняць як рэяльнасць, што прывядзе, як мінімум, да страты значнай часткі матывацыі ў барацьбе за свабоду нашай краіны.

Адным з істотных фактараў, які дапамагае ўтварыць ілюзію «расколу» й адсутнасці памкненняў да свабоды той часткі беларускага грамадства, якая засталася ў Беларусі, зьяўляецца адсутнасць у апошняй магчымасці свабодна выказваць сваю пазіцыю (маўчым ужо пра «сацыялягічныя даследаванні», якія, быццам, дазваляюць высветліць настроі ў грамадстве, - іх ужо даўно называюць «сацыялёгіяй у канцлягеры»). Пры ўмовах, калі проста за рэякцыю пад пастамі і каментарамі ў сацыяльных сецівах можна трапіць пад рэпрэсіі, зразумела, узнікае моцная ўнутраная цэнзура. Але гэта ня значыць, што людзі ня маюць сваёй пазіцыі і не спачуваюць беларускай дэмакратычнай справе, адвяргаючы тое, што навязвае ім рэжым і Расія, якая за гэтым рэжымам стаіць.

З іншага боку, гэта падвышае ролю тых, хто знаходзіцца за мяжой (то-бок, у адноснай бяспецы) у справе як процістаяння дыктатуры й расійскай агрэсіі, так і ў падрыхтоўцы неабходных мерапрыемстваў на пераходны перыяд. Даводзіцца сустракаць меркавнні аналітыкаў, што, маўляў, усё роўна пераменамі будуць займацца выключна тыя, хто застаўся ў Беларусі. Але гэта – небяспечная ілюзія. Вырастае яна, дарэчы, з той жа ілюзіі, якой спрабуюць патлумачыць фэномэн 2020-га. Быццам, раптам беларускае грамадства абудзілася, гарызантальна самазарганізавалася (без усялякіх партыяў-палітыкаў) і ледзь не зкінула рэжым, чаму зашкодзілі, зноўку, тыя самыя партыі-палітыкі.

У рэчаіснасці 20-ым Ціханоўская «стрэльнула», бо за ёй стаяў досьвед «старой» апазіцыі, у тым ліку - у выкарыстаньні структураў, фармулёўцы пасланьня, арганізацыі працы штабу й выбудовы адносінаў з іншымі дэмакратычнымі сіламі. Гэта – тое, без чаго масавых пратэстаў не адбылося б. Тым болей іх не адбылося б, калі б у той час усе апазіцыйныя палітыкі павяліся б на заклікі да «байкоту» ці «ігнору» выбараў.

Цяпер у Беларусі падобнай палітычнай базы няма, бо ўсе, хто быў задзейсьнены тады на вядучых ролях, апынуліся за мяжой. Напаўненьне інфармацыйнай прасторы таксама адбываецца з-за мяжы. У тым ліку, адбываецца ўтварэньне й выпрабаваньне новых наратываў. Візія будучыні таксама фармуецца тымі, хто зьехаў - nolens volens менавіта тыя, хто за мяжой, могуць прапаноўваць і абмяркоўваць варыянты шляхоў разьвіцьця Беларусі, у тым ліку - геапалітычнага выбару й рэформаў, неабходных для ратаваньня Беларусі.

Больш за тое, можна заўважыць, што за мяжой зьяўляюцца новыя маладыя кадры: адбываецца працэс аднаўленьня дэмакратычных сілаў, які ў Беларусі цяпер ёсьць немагчымым. Гэта, дарэчы, абвяргае тэзу, што час забірае ў дэмсілаў частку капіталу: тым сілам ёсьць куды яго нарошчваць.

Натуральна, напрацаваныя за мяжой наратывы й бачаньне будучыні рэяльна ажыцьцявіць будзе толькі праз сумесныя высілкі ўсяго беларускага грамадства - і тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся. Таму самы галоўны наратыў на бягучы момант – гэта адзінства беларусаў, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Мэты ў нас усіх ўсё роўна аднолькавыя. І толькі разам мы іх можам дасягнуць.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page