Гісторыя: урокі дзялення й памнажэння
- 3 часа назад
- 3 мин. чтения

616 гадоў таму нашыя продкі, разам з продкамі літоўцаў, палякаў, татараў, на Грунвальдскім полі атрымалі перамогу ў бітве з войскамі Тэўтонскага Ордэну. Пра тую бітву і яе значэнне ў гісторыі шмат сказана і напісана. І няма аніякіх сумневаў, што для фармавання цяперашняй беларускай ідэнтычнасці гэтая падзея мае вялікае значэнне.
У той жа час мы настойваем на тым, што гісторыя павінна не дзяліць, а памнажаць, і ў аніякім выпадку яе нельга выкарыстоўваць для вяртання ў цяперашняе жыццё нейкіх старых крыўдаў. Тут вялікую ролю мусіць адыгрываць здольнасць прызнаць, што й твой бок можа ня мець рацыі, і прынесці за тое свае выбачэнні іншым.
Савецкая прапаганда вучыла нас, што Захад заўжды марыў знішчыць славянаў, ці ператварыць іх у сваіх рабоў. Што, з пункут гледжання той прапаганды, мусіла апраўдаць катэгарычнасць, безкампраміснасць і бязлітаснасць процістаяння з Захадам (ці, па модзе цяперашняга расійскага палітычнага лексікону, з Эўрапейскай цывілізацыяй). Фактычна, гэта было апраўданнем абавязковага будучага глябальнага канфлікту, пасля якога «у жывых мусіць застацца толькі адзін». Ці не застацца нікога. Бо адны мусяць іздохнуць, а іншыя – па іхняй веры – мусяць трапіць у рай.
У рэчаіснасці Грунвальдзкая бітва зусім не была эпізодам нейкага непрымірымага процістаяння цывілізацыяў. Калі зірнуць на гісторыю, дык да гэтай бітвы вядзе заблытаная гісторыя варажнечы, саюзаў, гандлю, набегаў, дамоваў, сямейных разладаў, тэрытарыяльных спрэчак (у цэнтры якіх стаяла, у тым ліку, Жамойція) і, вядома, рэлігійнага пытання (фактычна, Тэўтонскі ордэн, сутыкнуўшыся з немагчымасцю хрысціянізацыі ісламскага Блізкага Усходу, сублімаваў свае месіянэрскія памкненні ў больш, падавалася, пэрспэктыўную хрысціянізацыю народаў Усходняй Балтыі). Але – не татальнага вынішчэння ці падпарадкавання супраціўнага боку.
Для тых жа Ягайлы й Вітаўта, якія ўзначальвалі саюзнае войска ў той бітве, Тэўтонскі ордэн (ці проста – Ордэн), супраць якога яны біліся, бываў і хаўруснікам, і прытулкам. Вітаўт, напрыклад, уцёк у землі Ордэна ад пагрозы з бокую свайго стрыечнага брата Ягайлы. Там жа, у Ордэне, Вітаўт ахрысціўся ў каталіцкую веру. А да гэтага Ордэн стаяў на баку Ягайлы ў спрэчцы за пасаду Вялікага Князя.
А колькі тады было сітуацыяў, калі гісторыя магла пайсці ў зусім іншым кірунку! Адзін з ключавых момантаў гісторыі нашага рэгіёну – шлюб Ягайлы з каралевай Польскай Ядвігай мог бы не адбыцца, калі б Ядвіга выйшла замуж за Вільгельма Габсбурга (з цудоўнай мянушкай Freundliche («Сяброўскі»)), герцага Аўстрыйскага, якога кахала і з якуім у яе ўзжо адбыліся заручыны. А як бы змянілася нашая гісторыя, калі б Вітаўт не пацярпеў паразу на Ворскле ад войскаў Залатой Арды!
Цікава, што хоць сустракаецца меркаванне, што Тэўтонскі Ордэн быў знішчаны ў выніку той бітвы, ён працягваў існаваць як дзяржава да другой паловы ХVI ст. А як рэлігійная арганізацыя ён існуе й дагэтуль. Ягоны цяперашні Вялікі магістр (66-ты па ліку) – Франк Баярд.
Адным з ганаровых абатаў Ордэну зьяўляецца Карл фон Габсбург – цяперашні глава Лятарынгскай лініі Габсбургаў, якая кіравала Аўстра-Вугоршчынай і згубіла сваю ўладу ў выніку паразы ў Першай светавой вайне. У 1990-ым ён асабіста ўзначаліў гуманітарны канвой у Вільню з ежай, лекамі і адзеннем у якасці прадстаўніка Пан'еўрапейскага саюза ў адказ на блакаду, уведзеную кіраўніцтвам СССР пасля абвяшчэння незалежнасці Літвы. І гэтаму зусім не замінаў той факт, што за паўтысячыгоддзя да гэтага тагачаснага Вялікага магістра ордэну, да якога належыць Карл, забілі ў бітве, у якой продкі літоўцаў прымалі актыўную ролю. Ягоны сын, дарэчы, цяпер «ганяе ва ўсю моц» у гонках на трываласць у клясах гіепркараў і прататыпаў Ле Ману (LMP-2). У гэтым годзе ягоны экіпаж заняў шостую фінішную пазіцыю, абыйшоўшы экіпаж, у складзе якога выступае польскі пілёт Роберт Кубіца (нашых прадстаўнікоў сёлета на Ле Мане, на жаль, не было). Увогуле, перапляценні гісторыі і сучаснасці – вельмі цікавая сфэра ведаў. І пошукаў гэтых ведаў.
Ну і таксама варта памятаць, што пакуль Ордэн, Польшча й Вялікае Княства біліся паміж сабой, на ўсходзе нараджалася дзяржава, на чале якой стаялі, па трапным выразе аднаго замежнага турыста пачатку ХХ ст., «паліцыянты й мытары Залатой Арды» – князі Уладзімірскія і Маскоўскія. Раздрай сярод суседзяў быў для іх вельмі дарэчнай справай. Падобна, той урок гісторыі яны добра засвоілі. Пытанне: наколькі добра яго засвоілі мы?



Комментарии