top of page

Чарнобыль назаўжды

  • 5 дней назад
  • 5 мин. чтения
Чернобыль

Да саракавых угодкаў чарнобыльскай катастрофы шмат хто напісаў свае ўспаміны пра тыя падзеі. Нават тыя, хто былі яшчэ дзецьмі. Гэта, безумоўна, добра, бо процістаіць таму, што робіць цяпер дыктатарскі рэжым у нашай краіне.


Пабудаваўшы атамную станцыю пад казкі пра «навуковы прагрэс і мірны атам», падмануўшы, што ядзерныя адкіды ня будуць захоўвацца на беларускай тэрыторыі, рэжым да чарнобыльскай катастрофы дадаў бомбу запаволеннага дзеяньня. Бомбу, якая можа дарабіць тое, чаго не зрабіў Чарнобыль.

Гэта варта разумець, асабліва маладому пакаленьню, якое схільнае ўспрымаць гэтую тэму як страшныя байкі дакучлівых олдаў. Трэба разумець, каб вывучаць, аналізаваць і выпрацоўваць меры, якія б маглі прадухіліць паўтор катастрофы. Хоць і без новых праблемаў мы ўсё роўна асуджаныя вечна ісьці гэтым Чарнобыльскім шляхам.

Ніжэй – успаміны чалавека, які ў 86-ым быў старшаклясьнікам адной зь менскіх школаў.


Дзень першы

У 1986-ым 26 красавіка прыпала на суботу. Надвор’е было ня тое, што сёньня: сапраўдная вясна, зь цеплынёй і лёгкай зялёнай пенкай дробнага лісьця на кустах уздоўж дарогі. Я йшоў у цырульню, сканцэнтраваўшыся менавіта на гэтым адчуваньні вясны, якое межавала зь лёгкай эйфарыяй. Настрою дадаў і рэдкі цёплы дожджык, зь незвычайна буйнымі кроплямі (цяпер, бывае, думаю, што гэта ён прывёў мае валасы да сёньняшняга стану адсутнасьці).

Увечары на школьным стадыёне мусіла адбыцца трэніроўка нашага турыстычнага клюбу, які наш фізрук спрытна выкарыстоўваў для ня надта дазволенага яшчэ ў той час навучаньня шкаляроў рукапашнаму бою.

Было па-ранейшаму цёпла, мы былі ў лёгкай вопратцы і чакалі пачатку заняткаў. Вось тут у нашае жыцьцё – у першы ж ягоны дзень – і уварваўся Чарнобыль.

Ён зьявіўся ў выглядзе нашага таварыша, які прыйшоў хуткім крокам і сказаў, што адбылося штосьці надзвычайна нядобрае, і што нам лепш як мага хутчэй разыйсьціся па дамох. У кароткім тлумачэнні ён паведаміў, што ад самога ранку супрацоўнікі ядравага інстытутут ў Соснах стаялі на вушах, вынайшаўшы няхілае падвышэньне ўзроўню радыяцыйнага фону. Крыніцу ўцечкі, зразумела, шукалі ў сябе. Калі атрымалі інфу, што паветра папорціў не інстытут, а Чарнобыльская атамная станцыя, супрацоўнікам зусім не палягчэла, бо ўсё цудоўна разумелі, якімі могуць быць у гэтага ўсяго наступствы.

Наш фізрук (які быў, хутчэй, нашы старэйшым таварышам, чым настаўнікам) з поўнай сур’ёзнасьцю паставіўся да сітуацыі, і трэніроўка, заплянаваная на адкрытым паветры, была тут жа адмененай. Што было кантрастам на фоне паводзінаў школьнай адміністрацыі ў наступныя дні і тыдні.


Загад: радыяцыю – адмяніць!

Калі ўвечары ў панядзелак праграма «Время» пацьвердзіла ўсім ужо вядомае, паўсталі пытаньні, што рабіць з тымі мерапрыемствамі, якімі так багаты пачатак траўню – ад школьных лінеек да першатравеньскай дэманстрацыі. У адрозненьне ад фізрука, які здолеў зрабіць слушныя высновы з атрыманай інфармацыі й аддаць перавагу здароўю шкаляроў па-над навучальным працэсам, дырэктарка школы абрала чыста бюракратычны шлях.

І варта аддаць гэтаму шляху належнае: ён даваў магчымасьць вырашыць праблему сілай паперкі. Што дырэктарка й зрабіла. Яна проста выдала загад па школе, якім, фактычна, адмяніла радыяцыю. Калі ўзьнікне пытаньне аб зьмяшчэньні ў прабірную палату эталённага вымярэньня савецкага ладу, туды можна было б зьмясьціць гэты загад. Тым больш, што ён дакладна адлюстроўваў усё стаўленьне савецкага кіраўніцтва да грамадзянаў. Як і сама дырэктарка дакладна адлюстроўвала ўсю сутнасьць тых «государевых людей», якія дагэтуль вядуць рэй у беларускіх школах.

Той загад падштурхнуў нас з таварышам правесьці акцыю: намаляваць знак радыяцыйнай небясьпекі і павесіць яго на дзьвярох школы. Але мой бацька, заўважыўшы нашыя мастацкія высілкі па вымалёўцы знаку, здолеў адгаварыць нас ад рэялізацыі задумкі. Анягож, рэпутацыя ў нас у школе й без тго была такая сабе. Калі на бацькоўскім сходзе клясная зачытала нашыя характарыстыкі, бацька іншага аднаклясьніка заўважыў, што з такімі характарыстыкамі нас й у турму ня возьмуць.


Краіна непалоханага народу

У доме мы прытрымліваліся элементарных правілаў бясьпекі: не адчынялі вокны й форткі, рабілі мокрую прыборку, ужывалі ёд і кагор (у тэрапеўтычных дозах, зразумела). І зьдзіўляліся з суседкі, якая казала: «А што мне тая радыяцыя? Я яе ня бачу, на зубах яна не рыпіць, дык што яе баяцца?» Няпуганы народ – страшная сіла, бязьлітасная да сябе. Таму й імкнуліся трымаць людзей у няведаньні адносна таго, у якой драме яны апынуліся. А «родным партыі і правіцельству» тое толькі й трэба было: каб моўчкі трывалі, моўчкі паміралі, ня выдаўшы клятым буржуінам Вялікай Ваеннай Таямніцы. Бо ўсё роўна ніхто той таямніцы й ня ведаў. Хаця, што гэта я пішу пра гэта ў мінулым часе?

Але юнацтва такі ўплывала на стаўленьне да праблемы. І калі я вяртаўся з шпацыраў з крыху падзагарэлым тварам, атрымліваў порцыю папрокаў ад бацькоў за праведзены на адкрытым паветры час.

Больш за тое, у траўні пачынаўся сэзон папулярных у той час у моладзі загарадных паходаў. Устрымацца ад іх было цяжка, нават пры тым, што хадзілі аповеды пра тое, як хлопцы гублялі прытомнасьць проста ад таго, што давалі нырца ў атручаныя радыяцыяй рэкі. Ды й без таго мы ведалі, што радыёнукліды ў вадзе кіпячэньнем не забіць, а хвоі ды елкі, пад якімі ставілі намёты ды зь якіх палілі вогнішчы, зьяўляюцца добрымі абсарбентамі Але куды большую трывогу выклікала тады сітуацыя з усё яшчэ не патушаным пажарам на чацьвёртым блёку. Фізыкі палохалі імавернасьцю выбуху, куды больш магутнага, чым той, што адбыўся ў ноч на 26 красавіка, які абяцаў зрабіць праблематычным любое жыцьцё ў Беларусі. Да выбуху мог прывесьці пажар, а пажар ніяк не атрымлівалася пагасіць. Тады я глядзеў зь лясной паляны на крыху чырвоныя нябёсы ў паўднёвай частцы начных нябёсаў, і мне ў першы (і апошні на гэты момант) раз у жыцьці хацелася, каб хутчэй скончыліся вясна разам зь летам – каб прыйшла восень, калі ўжо ўсё зробіцца вядомым. Бо няма сітуацыі горшай за нявызначанасьць.


Пыхкала яшчэ да 86-га

Яшчэ адной надзённай праблемай зрабіліся такія прывабныя ў пачатку лета ягады ды першая садавіна з гароднінай. Каму ж ахвота есьці радыёнукліды, нават калі яны не рыпяць на зубах? Ды й кантроль, канечне, быў строгі. Зьявіліся гісторыі, калі камусьці пасьля візіту людзей з дазіметрамі бульдозерам пляжылі ўвесь агарод. Але, імаверна, строгасьць кантролю кампенсавалася ягонай выбарнасьцю. Мой дзед, (сам украінец) неяк угараў з гандляра трускалкамі на Камароўцы, калі той, на пытаньне, адкуль тавар, адказаў: «Цэ з Вільно!»

На ўзроўні бацькоў і іхніх калегаў-фізікаў і хімікаў уражай 86-га – што з лецішча, што зь лесу – праганяўся праз апаратуру, якая, па шчасьці, вялікіх анамаліяў не выяўлялі. Можа праз тое, не ў апошнюю чаргу, што нашыя «плянтацыі» ня трапілі ў радыёактыўныя плямы, на якія зрабілася багатай беларуская тэрыторыя. Але вось цікавая гісторыя. Разам з новым ураджаем аднойчы вырашылі праверыць і стары. Здабылі антыкварны слоік марынаванага шчаўя, сабранага на Гомельшчыне, і праверылі яго па сучасны пратаколе на радыёактыўнасьць. Фаніла тое шчаўё эпохі вельмі позьняга Брэжнева ня горш за сабранае ў эпоху адносна раньняга Гарбачова. То-бок, ЧАЭС паветра псавала задоўга да катастрофы 86-га.


Гэтае страшнае слова «назаўжды»

А праз год мы ў рамках «прызыўных мерапрыемстваў» разносілі па даручэньні ваенкамату павесткі прызыўнікам. Калі потымі дзяліліся досьведам, зь зьдзіўленьнем высьветлілі, што камусьці давялося сутыкацца зь сітуацый, калі на спробу ўручыць павестку, родныя прызыўніка казалі, што ён памёр. І на нашае наіўнае падлеткавае пытаньне, праз што, атрымлівалі яшчэ нязвыклы для нас адказ: лейкімія.

Цяпер мы куды менш зацыклены на Чарнобылі, чым у той першы год. Цяпер мы чакаем іншых – вельмі хуткіх і, бадай, больш драматычных падзеяў для нашай краіны. Але тым, каму наканавана выжыць і вярнуцца, давядзецца мець справу з тым, што абрынулася на нас у красавіку 86-га – абрынулася на тых, хто памятае і тых, хто ня памятае, і тых, хто яшчэ й не нарадзіўся. На дзясяткі тысячаў год. У маштабах нашага жыцьця – назаўжды. І няведанне тут нікога не апраўдае.

Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page