top of page

Аляксандр Корнышаў: «Віцебскі кур’ер NEWS» быў маім пропускам на блокпастах

Аляксандр Корнышаў, Александр Корнышев
Аляксандр Корнышаў

Журналіст Аляксандр Корнышаў з’яўляецца ўладальнікам сайта vkurier.info і ягонага люстэрка –  vkurier.news, якія сам лічыць пераемнікам знакамітай газеты «Віцебскі кур’ер». Аляксандр Корнышаў расказаў БАЖ, што давялося перажыць і выданню, і самому за апошнія гады.

 

БАЖ запісваў гэтую размову з Аляксандрам Корнышавым у той час, калі журналіст рыхтаваўся да планавай аперацыі. Праблемы са здароўем пачаліся ў яго яшчэ ў 2021 годзе. Усё значна пагоршылася пасля таго, як редактару «Витебского курьера NEWS» давялося экстранна пакідаць Беларусь: пераезд ва Украіну, а пасля пачатку вайны –  у Польшчу здароўя не дадалі. Старыя праблемы выліліся ў жорсткі дыягназ: некроз галоўкі тазасцегнавых суставаў. Адзінае лячэнне –  поўная замена суставаў.

Аперацыю на адной назе журналіст перажыў летась. 8 лютага Аляксандру Корнашаву трэба было ў чарговы раз класціся ў бальніцу на замену другога тазасцегнавага сустава. Аднак запланавае не адбылося:

Аляксандра Корнышава раптоўна выкраслілі са спісу беспрацоўных, натуральна, аўтаматычна ануляваная і медыцынская страхоўка. Наступным разам ён зможа стаць на ўлік па беспрацоўі толькі праз чатыры месяцы…

«Да «Віцебскага кур’ера» я маю сентыментальныя пачуцці з дзяцінства»

— Упершыню я ўбачыў «Віцебскі кур’ер» яшчэ падлеткам, гадоў у 12–14. Гэта была цікава звярстаная газета, не падобная да савецкіх выданняў. Я браў яе ў самалёт і вазіў сваім нямецка-татарскім сваякам у Цэнтральную Азію. Я прачытваў яе сам ад коркі да коркі ў падарожжы, а затым хваліўся сваякам ва Узбекістане, дзе Савецкага Саюза было куды больш, чым у Беларусі.

Да «Віцебскага кур’ера» я маю сентыментальныя пачуцці з дзяцінства. Таму я і раблю ўсё магчымае, каб выданне не знікла.

Як вядома, раней газета належала Вользе Карач. Я меў неблагія адносіны з шэф-рэдактарам выдання Вадзімам Баршчэўскім (ён памёр напрыканцы 2022 года, прычым у адзін дзень з жонкай). Перыядычна друкаваўся ў газеце, але шчыльна не працаваў.

А затым надышоў 2019 год. Якраз напярэдадні 2020 новага года я даведаўся, што Вольга Карач вырашыла пазбавіцца ад свайго няпрофільнага актыву. Яна прадала дамен бізнесмену з Мінска, але з умовай, што застанецца рэдакцыя. Новы ўладальнік праз пару тыдняў пасварыўся з рэдактаркай.

У выніку рэдакцыя апынулася без платформы, а я –  якраз той чалавек, які за кароткі час можа зрабіць сайт. Я купіў даменнае імя, мой сябра намаляваў лагатып для «Віцебскага кур’ера» –  мы зрабілі стылізацыю пад старое лога, пад якім «Віцебскі кур’ер» выходзіў у 1990 годзе. І назвалі сваё выданне «Віцебскі кур’ер NEWS».

Мінскі бізнесмен пакінуў марку «Віцебскі кур’ер» за сабой. Дарэчы, на яго сайце дагэтуль выходзяць рэрайты і рэпосты.


«Наш старт фактычна супаў з пачаткам пандэміі»

— З канца 2019 года мы пачалі рабіць «Віцебскі кур’ер NEWS», і фактычна адразу патрапілі ў пандэмію каранавіруса. А пасля ковід плаўна перацёк у прэзідэнцкія выбары 2020 года. Мы сур’ёзна паднялі сваю папулярнасць у аўдыторыі ў кавідныя часы, таму да кампаніі мы падышлі ў добрай форме.

Мы актыўна пісалі пра пратэсты: я асвятляў маршы, мяне затрымлівалі. Але галоўная мая задача палягала ў тэхнічным забеспячэнні сайта, а зместам выдання займалася рэдакцыя.

Мы наладзілі добрую рэкламную кампанію: у нас рэкламавалася віцебскае прадстаўніцтва «Фальксвагена», рыбная крама «Віталюр», музей –  то-бок, мелі некалькі трывалых рэкламных кейсаў. Упэўнены, калі б у 2020 годзе рэвалюцыя адбылася, то зараз бы мы ўсе сядзелі б у кабінетах на харошых заробках. Аднак маем, што маем…

Мяне пачалі актыўна вышукваць органы як намесніка старшыні арганізацыі «Альтэрнатыва». Арганізацыя займалася сацыяльнымі праблемамі, я ездзіў па рэгіёнах, сустракаўся з мясцовымі чыноўнікамі. Таму мне давялося пераехаць у Кіеў.


Аляксандр Корнышаў, Александр Корнышев
Аляксандр Корнышаў. Скрыншот відэа

Падзеі разгортваліся імкліва: у пятніцу я прыехаў ва Украіну, а ў панядзелак следчы напісаў мне ў тэлеграм: прыязджай у Мінск, мы хочам пагутарыць з табой. Тады ўжо затрымалі старшыню арганізацыі Алега Корбана, таму я разумеў, чым для мяне можа скончыцца візіт у Следчы камітэт Мінска.

З сайтам мы супрацоўнічалі на адлегласці. Я па-ранейшаму забяспечваў тэхнічнае функцыянаванне сайта, а рэдакцыя выдавала змест. Але тут пачаліся праблемы: маўляў, мы прайгралі, трэба перагледзець рэдакцыйную палітыку і выдаваць нейтральны кантэнт і ўвесці жорсткую самацэнзуру. Але навошта рабіць другія «Віцьбічы», адмовіўшыся ад незалежніцкай пазіцыі? Тады сайт проста не патрэбны.

Я думаў, мы проста пасварыліся. Быў гатовы на любыя кампрамісы, але ў выніку супрацоўнікі сышлі з рэдакцыі. Гэта адбылося летам 2021 года.

Я сябе лічыў сузаснавальнікам, а цяпер лічу ўладальнікам, бо калегі вырашылі сысці, калі стала небяспечна працаваць. Я нікога не асуджаю: у Беларусі цяпер немагчыма займацца незалежнай журналістыкай, каб не патрапіць пад крымінальны пераслед і ў турму.

Маё ж імкненне, каб «Віцебскі кур’ер» працягваў сваё існаванне. Выданне закрыецца толькі ў выпадку маёй смерці. Ці цяжкай хваробы –  калі я проста не змагу падымацца з ложка.


Уцёкі ад вайны: Украіна, Германія, Польшча

— У выніку гісторыя з сайтам і мая асабістая гісторыя перараслі ў вайну.

У Кіеве я перанёс цяжкі ковід –  з паражэннем 38% лёгкіх. Затым, з самага пачатку вайны, мне давялося бегчы з Украіны. Дарэчы, там «Віцебскі кур’ер» мяне выратаваў: на блокпастах я паказваў выданне з антываеннымі тэкстамі, мне проста паціскалі руку і адпускалі. Бо маглі быць любыя непрыемнасці: у першыя дні вайны дрэнныя адносіны былі да ўсіх, хто з таго боку.

Ва Украіне я знаходзіўся ў працэсе легалізацыі, але проста не паспеў фізічна атрымаць дакументы. За мяжой я апынуўся без штампа аб выездзе з Украіны і ўездзе ў Польшчу.

Дзякуючы правабарончым араганізацыям і БАЖ я апынуўся ў Германіі: атрымаў там стыпендыю на паўгода, адпаведна, атрымаў і візу. Другую стыпендыю я атрымаў ужо ў Лейпцыгу –  таксама на паўгода.

Самае крыўднае, што па прыездзе ў Лейпцыг у мяне пачаліся жудасныя болі ў тазасцегнавых суставах. На жаль, нямецкая медыцына тады так і не паставіла мне дыягназ. МРТ хрыбетніка нібыта паказаў хваробу Бехцерава, але далейшая праверка абвергла гэты дыягназ.

Я хацеў застацца ў Германіі, бо па нацыянальнасці я напалову немец –  мая маці немка. Аднак, калі закончылася стыпендыя, то аказалася, што мне няма дзе жыць. Таму вырашыў перабрацца у Варшаву і легалізоўвацца тут. У Польшчы мне адразу далі бежанства – нават не міжнародную абарону. Мяне, здаецца, пашкадавалі, бо на інтэрв’ю я прыйшоў з вялікай тэмпературай, мяне ліхарадзіла.

У новай краіне некалькі разоў выклікаў «хуткую» з-за жудасных боляў. У выніку я сам запісаўся на МРТ ніжніх канечнасцяў і адправіў здымкі знаёмаму хірургу-траўматолагу ў Віцебск. Менавіта ён мне паставіў дыягназ «некроз тазасцегнавых суставаў».

Я адразу стаў рыхтавацца да першай аперацыі, якую перанёс у траўні мінулага года.

Як толькі выйшаў з балявой комы (ранкам прымаеш вялікую дозу апіятаў і чакаеш надыходу вечара –  боль быў невыносны), я пачаў займацца спортам. Мне зрабілі яшчэ адну аперацыю, я паўтара года прымаў таблеткі –  і зараз працягваю іх піць.

Натуральна, каля чатырох месяцаў таму я зноў шчыльна заняўся «Віцебскім кур’ерам», хаця праца не спынялася ніколі. І зноў вывеў яго на харошую наведвальнасць: да 4 тысяч унікальных наведвальнікаў штодня. Канешне, з залатымі часамі выдання, калі працавала цэлая рэдакцыя, калі мы не думалі пра фінансавае выжыванне, не параўнаць.


Каб выжыць, рэгіянальным выданням трэба стварыць холдынг

— На мой погляд, надышоў час ствараць холдынг рэгіянальных медыяў (без ліквідацыі саміх рэгіянальных выданняў, натуральна), бо паасобку мы проста прападзём. Я разумею, узніклі транспамежныя медыі кшталту MOST, але існуюць жа медыі, якія захавалі сваю рэгіянальную арыентацыю. У Віцебску, акрамя «Віцебскага кур’ера», незалежных СМІ не засталося.

Канешне, існуе Асацыяцыя рэгіянальнай прэсы. Але гаворка ідзе пра стварэнне холдынга, магчыма, праз Асацыяцыю: паасобку кожнаму невялікаму выданню цяжка атрымаць дапамогу. Донары даўно гавораць пра неабходнасць такога аб’яднання. Супольна больш шансаў атрымаць донарскую падтрымку. Як яе падзяліць паміж выданнямі –  справа тэхнікі. Мне ўвогуле многа не трэба: я толькі хачу захаваць «Віцебскі кур’ер». Цяпер 80% надрукаваных матэрыялаў –  гэта рэрайты, і толькі 20% –  уласная інфармацыя.

Мне падаецца, што рэгіянальным выданням варта аб’яднацца –  з захаваннем незалежнасці, унутраных структур, рэдакцый –  каб моцным пулам выйсці на еўрапейскіх донараў.

Даведка

Першы нумар «Віцебскага кур’ера» выдалі купцы Ізраіль і Меер Нейманы 2 траўня 1906 года. Апошні нумар быў надрукаваны 30 траўня 1906 года.

Увосень 1989 года віцебскія фотажурналісты Уладзімір Базан і Ігар Лейкін вырашылі выпускаць газету пра культурнае жыццё горада «Витебский курьер». Заснавальнікам выдання выступіў гарадскі цэнтр культуры, і нулявы нумар адроджанай газеты выйшаў 30 снежня 1989 года. Галоўным рэдактарам стаў Уладзімір Базан.

27 лістапада 1992 года «Витебский курьер» атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі ў Мінінфармацыі. Аднак пасля чорнай паласы 2008–2009 гадоў газета страціла сваю рэгістрацыю.

Першы нумар абноўленага «Витебского курьера» пад рэдакцыяй Алега Баршчэўскага выйшаў 18 верасня 2009 года. Але рэгістрацыю выданне атрымала ўжо ў Смаленску.


Comments


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page