top of page

«23 февраля – что за день календаря?»

  • 1 день назад
  • 3 мин. чтения
На вокзале. Жители села Юрт-Аух возвращаются на родину. Фрунзе, 1957 год.
На вокзале. Жители села Юрт-Аух возвращаются на родину. Фрунзе, 1957 год. Wikimedia Commons

Далёка ня «светлы», насуперак таму, што ўбівалі ў галовы людзям як за савецкім часам, так і цяпер спрабуюць убіваць.

У гісторыі на гэты дзень прыпадае адна з найвялікшых трагедыяў савецкай эпохі. 82 гады таму – 23 лютага 1944-га – сталінскі савецкі рэжым распачаў аперацыю па прымусовай дэпартацыі народаў Чачэніі і Інгушэціі ў Цэнтральную Азію.

 

Падставай зрабілася сцвярджэнне, што чачэнцы і інгушы «здрадзілі Радзіме», «перайшоўшы на бок фашыстоўскіх акупантаў». Заўважым, што «перайсці на бок акупантаў» чачэнцам і інгушам было няпроста – за адсутнасцю на іхняй тэрыторыі тых самых «акупантаў».

Аперацыю, па загадзе Сталіна, распрацаваў Берыя, які на той момант быў намеснікам старшыні Савету народных камісараў (тагачаснага ўраду). Ейнай распрацоўкай займаліся па меншай меры з кастрычніка 1943-га. У выніку прадугледжвалася поўнае перамяшчэнне двух каўказскіх народаў і ліквідацыя Чачэна-Інгушскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Да правядзення аперацыі юылі прыцягнуты 19 тыс. афіцэраў і 100 тыс. шэрагоўцаў войскаў Народнага камісарыяту ўнутраных спраў (НКВД).

А другой гадзіне ночы 23 лютага 1944-га савецкія войскі атачылі ўсе населеныя пункты ЧІАССР. Была спынена сувязь з іншымі тэрыторыямі. Праз тры гадзіны з нагоды «усенароднага святкавання» Дня Чырвонай арміі насельніцтва (пераважна – мужчынащ) пачалі збіраць на мітынгі. Пасля гэтага людзей абакружалі жаўнеры НКВД, і прысутным зачытваўся ўказ аб дэпартацыі, і тыя пад канвоем накіроўваліся да бліжэйшых чыгуначных станцыяў для адпраўкі да «месца прызначэння». Вярнуцца щ свае дамы им не дазвалялася. Потым вайскоўцы прайшліся па хатах, каб сабраць старых і малых, якія не пайшлі на мітынгі. На зборы ім давалася ўсяго 15 хвілінаў.

Транспартыроўка вялікай колькасці людзей па горных зімовых дарогах да чыгункі была задачай складанай. Асабліва калі гэта тычылася слабых людзей – хворых, дзяцей, старых. Захаваліся сведчанні, як падчас дэпартацыі савецкія жаўнеры, каб спрасціць сабе задачу, проста расстрэльвалі тых, хто ня мог ісці.

Так, у высокагорнай вёсцы Малхіста людзей заводзілі ў пячоры і закідвалі гранатамі ці расстрэльвалі. 72 хворых, якія ляжалі ў шпіталі ва Урус-Мартане, проста выкінулі ў яму і закідалі смеццем. Па ўсёй тэрыторыі расстрэльваліся асобныя людзі.

Самы трагічны выпадак адбыўся ў вёсцы Хайбах Галанчожскага раёну. Праз недахоп транспарту савецкія войскі не маглі правесці высяленне ва ўсталяваныя тэрміны. Таму 28 лютага людзей сабралі ў стайню. Туды ж сагналі з навакольных хутароў тых, хто праз свой фізычны стан ня мог самастойна дабрацца да чыгункі. Пасля гэтага дзверы стайні замкнулі і будынак падпалілі. Тыя афіцэры, якія паспрабавалі пратэставаць супраць гэтага, былі арыштаваныя і ўведзеныя пад канвоем. Усяго ў вагні і ад куляў савецкіх карнікаў у Хайбаху загінулі каля 700 чалавек.

Але й для тых, хто здолеў дабрацца да чыгункі, пакуты ня скончыліся. Людзей набілі ў цесныя вагоны – без ежы і вады. На кожным прыстанку з вагонаў выгружалі трупы. Па пасведчанні аднаго з відавочцаў, толькі з таго вагону, у якім ён ехаў, за 13 дзён шляху былі выгружаны 24 целы.

На тым месцы, куды прывязлі чачэнцаў і інгушаў (пераважна – у Казахстан) першапачаткова не было аніякіх умоваў для жыцця. Часцяком людзі вымушаны былі жыць проста ў стэпу.

Усяго з 23 лютага па 9 сакавіка 1944-га было дэпартавана каля 600 тыс. чалавек. Дэпартацыя закранулі нават тых чачэнцаў і інгушаў, якія ваявалі на фронце – іх таксама адправілі ў Казахстан і Сібір. Падчас перасялення і ў першыя гады жыцця на новым месцы загінуў кожны чацьвёрты чачэнец і кожны чацьвёрты інгуш.

Месца дэпартаваных народаў занялі, пераважна, перасяленцы з унутраных абласцей Расіі – Пензенскай, Тамбоўскай, Ульянаўскай ды іншых).

Толькі ў 1957-ым – праз некалькі год пасля смерці Сталіна – Чачэна-Інгушская АССР была адноўлена (хоць і з крыху змененымі межамі). Чачэнцам было дазволена вяртацца ў родныя мясціны, якія яны вымушаны былі пакінуць 13 гадоў таму. Іхняе вяртанне, кепска прадуманае ўладамі, прывяло да канфліктаў з новымі жыхарамі рэспублікі, якія пераехалі туды з іншых рэгіёнаў.

За савецкім часам дэпартацыю зазаналі ня толькі чачэнцы і інгушы. У 1943-ім былі дэпартаваныя карачаеўцы і калмыкі, у 1944-ым – крымскія татары, дэпартаваліся немцы, азербайджанцы, беларусы, літоўцы, украінцы – усе тыя народы, якім не пашчасціла жыць на тэрыторыі  Саюзу, які стварыла «вялікая Русь».

У 1991-ым Вярхоўны савет РСФСР прыняў закон аб рэябілітацыі дэпартаваных народаў. Але, як прадэманстравалі наступныя падзеі, стаўленне да тых жа чачэнцаў не змянілася. Калі яны паспрабавалі абвесціць аб сваім праве на самастойнасць – у тым ліку, праз успаміны пра падзеі лютага 1944-га, ім давялося панесці новыя страты.

У 2004-ым Еўрапейскі парлямент прызнаў дэпартацыю чачэнцаў і інгушаў фактам генацыду. Да гэтага часу шмат хто з чачэнцаў зноў быў вымушаны пакінуць сваю радзіму – і зноў не па добрай волі. Але, як і беларусы, чачэнцы захоўваюць веру ў тое, што яны здолеюць вярнуцца ў сваю краіну – цяпер ужо вольную ад чужога панавання.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page