top of page

Аб’яднаная Грамадзянская Плятформа

  • 14 часов назад
  • 2 мин. чтения
Аб’днана Грамадзнска Плятформа -

Пазіцыя Спісу № 5 Аб’днаная Грамадзнская Плятформа па мэтах і задачах працы ў рамках Каардынацыйнай Рады


Аб’яднаная Грамадзянская Партыя і спіс № 5 Аб’яднаная грамадзянская плятформа лічаць, што галоўнай мэтай дэмакратычных сілаў з’яўляецца аднаўленне ў Беларусі вяршынства Права, а ня нейкае “вяртанне да нармальнасці 2019-га”. Усе беларусы пераканаліся, што такое жыць у краіне, калі “не да законаў”. Толькі ў дзяржаве, дзе існуюць законы, якія абавязковыя для выканання ўсімі, і перад якімі ўсе роўныя, якія галоўнай сваёй мэтай маюць утварэнне роўных і справядлівых умоваў для ўсіх грамадзянаў, і ў цэнтры інтарэсаў якіх стаіць чалавек, абарона ягоных правоў і свабодаў – у тым ліку ад свавольстваў дзяржавы – жыццё будзе камфортным і прывабным.

Каб дамагчыся гэтага, ужо цяпер неабходна распрацоўваць законы для будучай дэмакратычнай Беларусі. Аб’яднаная Грамадзянская Партыя мае ўжо шэраг законапраектаў, скіраваных на пабудову новай краіны. Калі мы кажам, што Каардынацыйная Рада павінна зрабіцца “протапраляментам”, мы маем на ўвазе, што яна павінна быць той пляцоўкай, дзе гэтыя законапраекты, а таксама законапраекты і прапановы іншых палітычных сілаў і грамадскіх аб’яднанняў павінны даводзіцца да ўзроўню законаў, годных незалежнай дэмакратычнай краіны.

Гэта мусіць адбывацца ў цесным узаемадзеянні з экспертнай супольнасцю. Таму мы ўводзім у сябе інстытут кансультантаў – экспертаў і спецыялістаў у розных галінах і сфэрах дзейнасці, каб законапраекты мелі неабходную якасць. Больш за тое, мы маем досвед супрацы з Венецыянскай камісіяй – інстытуцыяй, адмыслова ўтворанай пры Радзе Эўропы дзеля кансультавання па пытаннях канстытуцыйнага права. То-бок, мы маем добрыя кантакты і з міжнароднымі экспертамі.

Аб’яднаная Грамадзянская Партыя з’яўляецца чальцом Эўрапейскай Народнай Партыі – ЕРР, у якую ўваходзяць шматлікія кіруючыя партыі краінаў Эўропы. Гэта дае нашым прадстаўнікам непасрэдны выхад на тых, хто вызначае эўрапейскую палітыку, і адчыняе шырокія пэрспэктывы для судзеяння вырашэнню найбольш істотных праблемаў як беларусаў замежжа, так і тых, хто застаўся ў краіне, роўна як і для данясення да вядучых палітыкаў Эўропы беларускай павесткі. Гэта будзе дадатковай магчымасцю ўзмацніць пазіцыі Каардынацыйнай Рады на міжнароднай арэне – дзеля набліжэння моманту вызвалення нашай краіны ад чужога дыктатарскага рэжыму, які забівае нашую будучыню і будучыню нашых дзяцей і ўнукаў.

Аб’яднаная Грамадзянская Партыя таксама лічыць, што найбольш рызыкоўным будзе этап, які наступіць непасрэдна пасля падзення рэжыму. Гэты этап будзе звязаны з рызыкамі ўзнікнення ўнутранага канфлікту, а таксама спробаў знешняга ўмяшальніцтва ў справы Беларусі. Каб падзеі не пайшлі па кепскіх сцэнарах, каб “вакно магчымасцяў” не ператварылася ў пастку, мы лічым неабходнымі наступныя тры ўмовы:

1.      Кіраўніцтва дэмакратычных сілаў мусіць уяўляць сабой адзіны палітычны цэнтр з падтрымкай з боку грамадства, калі кожны разумее, што такая сітуацыя – усім на карысць, а іншае вядзе да катастрофы;

2.      Кіраўніцтва дэмакратычных сілаў мае легітымнасць у вачох тых прадстаўнікоў беларускай арміі і праваахоўчых структураў, якія служаць не чужынскаму дыктатарскаму рэжыму, а Беларусі, і гатовыя падтрымаць парадак у краіне ў момант палітычных пераменаў – каб гэтыя перамены йшлі мірным шляхам, а не преатварыліся ва ўзброеную барацьбу за ўладу;

3.      Кіраўніцтва дэмакратычных сілаў на момант падзення чужынскага дыктатарскага рэжыму мусіць ужо мець той пакет законаў, які дазволіць адразу перайсці да дэмакратычнай трансфармацыі і аднаўленню эканомікі.

Аб’яднаная Грамадзянская Партыя і спіс № 5 Аб’яднаная грамадзянская плятформа гатовыя выкарыстаць усе свае прафісійныя і экспертныя веды, увесь свой досвед, дзеля таго, каб у Каардынацыйнай Радзе заняцца падрыхтоўкай гэтай базы для мірнай і хуткай трансфармацыіі Беларусі ў свабодную, незалежную, дэмакратычную дзяржаву.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page