top of page

У чым праблема натаўскай «тэорыі перамогі» ў Эўропе?

2 дня назад
4 мин. чтения
Генерал Алексус Грынкевіч на Варшаўскім форуме па бяспецы
Генерал Алексус Грынкевіч на Варшаўскім форуме па бяспецы (скрыншот відэё Tvn24)

У панядзелак на Варшаўскім форуме па бяспецы выступіў галоўнакамандуючы саюзнымі сіламі НАТО ў Эўропе генерал Алексус Грынкевіч. Ён прэзэнтаваў дакумент, які завецца «Тэорыя перамогі». Як патлумачыў сам Гранкевіч, «Тэорыя» – гэта ня нейкі плян, па якім будуць весціся баявыя дзеянні, а «агульнае бачанне» таго, якім чынам будзе дасягнута перамога ў стрымліванні й абароне ад агрэсіўных дзеянняў звонку.

 

Галоўнай мэтай дакументу, калі зыходзіць з антуражу ягонай прэзэнтацыі, зьяўляецца памкненне папярэдзіць патэнцыйнага агрэсара, што хоць НАТО й зьяўляецца альянсам абарончым, але гэты абарончы характар ня ёсць прызнакам слабасці арганізацыі, і атака на альянс будзе актам дурасці з боку нападніка.

Аднача сам змест «Тэорыі» (прынамсі, агучаная частка) прымушае задумацца, наколькі ён адэкватны тым віклікам, якія паўсталі цяпер перад Эўропай, НАТО, роўна як і перад Беларусьсю з Украінай.

«Тэорыя» грунтуецца на трох элементах, якія гучаць наступным чынам:

  • спыніць першапачатковую атаку;

  • заблякаваць працяг атакі;

  • аслабіць ворага.

Па завярэннях генерала Гынкевіча, калі краіны альянсу «сёння апынуцца пад атакай», сілы НАТО будуць гатовыя адбіць яе «ўжо ўвечары», а заўтра гатоўнасць да абароны будзе яшчэ вышэй. Пры гэтым будуць задзейснены ўсе сілы, у тым ліку – касмічныя й кібернетычныя. Асаблівую ўвагу генерал надаў выведцы, якая не дазволіць ворагу атакаваць знянацку.

Меры ў адказ не дазволяць агрэсару захапіць тэрыторыю якой-небудзь краіны НАТО. Прычым, баявыя дзеянні будуць весціся пры шырокім выкарыстанні робатаў, што дазволіць пазбегнуць значных чалавечых стратаў. Падмацаванні, якія вораг накіруе на дапамогу атакуючым сілам першай хвалі, будуць вынішчаны на падыходзе. Усё гэта «абкотвалася» на вучэннях сілаў НАТО, якія прадэманстравалі надзейнасць гэтай схемы.

Тут можна запярэчыць, што вучэнні й рэяльныя баявыя дзеянні – гэта дзве вялікія розніцы. У чымсці нават можна прыгадаць савецкую канцэпцыю вядення вайны «на чужой тэрыторыі й малай крывёю». Чым гэта скончылася для Рабоча-сялянскай чырвонай арміі ў 41-ым памятуюць усе. Тым больш, што й агрэсар таксама рыхтуецца. Прычым, рыхтуецца так, каб выведка асабліва не заўважала ягоных рыхтаванняў. Ды й робатамі ён ваяваць умее, ды яшчэ й мае ў гэтай справе вялікі практычны досьвед.

Але галоўнай праблемай тут, усё ж, бачыцца не імаверны разрыў паміж тэорыяй і практыкай перамогі, а тое, як гэтая перамога бачыцца. А бачыцца яна зусім не стратэгічнай. То-бок, аніякі поўны разгром праціўніка не плянуецца. У адпаведнасці з «Тэорыяй» ворага трэба будзе проста аслабіць, каб ён ня мог больш весці баявыя дзеянні й быў вымушаны спыніць агрэсію. Мяняць палітычны рэжым у варожай дзяржаве, які акурат развязаў вайну, ніхто не плянуе. Бо гэта, маўляў, можа прывесці да непажаданага ўзроўню эскаляцыі. Такім чынам, задача бачыцца не ў разгроме ворага, а ягоным «аслабленні».

Сітуацыя, якая прадугледжваецца ў «Тэорыі» вядома з такіх даўніх часоў, што тычыцца нават ня Рымскай імперыі, шчэ а больш старажытнага рэспубліканскага Рыму. Аднойчы враг загнаў ягоныя войскі ў такое становішча, што мог зрабіць з імі ўсё, што толькі б пажадаў. У ворага было тры варыянты на выбар. Першы – адпусціць з пашанай, і тады б Рым ператварыўся з праціўніка ў лепшага сябра й саюзніка. Другі – выразаць рымскае войска да апошняга жаўнера, і тады б ён меў перадышку ў войнах цягам аднаго-двух пакаленняў. Але вораг абраў трэці варыянт – прынізіць рымлянаў. То-бок, адабраць у іх зброю й прагнаць пад ярмом, што лічылася вялікай ганьбой.

Чаму гэты варыянт быў найгоршым? Так, рымляне пазбаўляліся зброі й гонару. Але першае аднавіць было справай тэхнікі й ня надта працяглага часу. А аднаўленне другога патрабавала неадкладнага рэваншу, матывацыя да якога была ў рымлянаў куды вышэйшай за матывацыю папярэдняга паходу. Аднавіўшы зброю, рымляне пайшлі аднаўляць свой гонар, дзеля чаго парушылі дамову, заключаную імі пад прымусам. Вораг быў разбіты й трапіў у поўную залежнасць ад Рыму.

Няма аніякага сумнення, што Расія, пацрпеўшы паразу ў сваёй агрэсіі супраць краінаў НАТО, але захаваўшы сваю тэрыторыю, свой палітычны рэжым, а таксама сваіх саюзнікаў, будзе прагнуць помсты. Больш за тое, расійскія ідэёлягі ўжо рыхтуюць расійцаў да імавернай паразы, «зараджаючы» іх на будучы рэванш.

Яшчэ адным небяспечным момантам «Тэорыі» зьяўляецца тое, што атрымаўшы фактычную гарантыю недатыкальнасці, расійскае кіраўніцтва атрымае спакусу праверыць НАТО на ўстойлівасць, атакаваўшы ягоныя межы ў бліжэйшы час. Потым віну за гэта можна скінуць на тое ж НАТО й палітычнае кіраўніцтва эўрапейскіх краінаў, забяспечыўшы дадатковую падтрымку «міралюбным» прарасійскім сілам, якія хочуць «дыялёгу», а не канфрантацыі.

Тут нават пагрозы нанесці ўдары ў адказ па Калінінграду, Пецярбургу ды Беларусі не дапамогуць. Праблема ў тым, што натаўскія генералы чамусці думаюць, што расійскаму кіраўніцтву ёсць нейкая справа да жыхароў гэтых месцаў. Але ім няма справы нават да ўсіх расіянаў: дастаткова прыгадаць фразу Пуціна пра тое, што «ўсе здохнуць, а мы трапім у рай». Цвёрдасць самога Пуціна на шляху да канфрантацыі падтрымлівае і ягоная святая вера ва ўсемагутнасць і цудадзейнасць бункера, які дасць яму магчымасць адкласці траплення ў рай яшчэ на некалькі дзясяткаў гадоў.

Такім чынам, «Тэорыя» можа даць эфект, процілеглы таму, на які яна разлічана. І канфрантацыі, разам з далейшай эскаляцыяй, пазбегнуць усё роўна не атрымаецца.

Дарэчы, Грынкевіч – амерыканскі генерал з беларускімі каранямі. Ягоны прадзед Ільля Грынкевіч эміграваў з Менску ў 1899-ым. Але ў «Тэорыі» Беларусі, падобна, адводзіцца выключна роля пдяцдарму для расійскай агрэсіі. Пасля «перамогі» яна застанецца ў поўным распараджэнні Расіі – каб не дапусціць «эскаляцыі» ды даць Расіі шанец на рэванш. На гэтым фоне нават абяцанні «ня кінуць Украіну» выглядаюць пазбаўленымі сэнсу.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page