Тыя такія блізкія далёкія падзеі
- 4 часа назад
- 8 мин. чтения

У сувязі з кампаніяй па выбарах у Каардынацыйную Раду на беларусаў абрынуўся вал інфармацыі, звесці якую можна да аднаго пасылу: ня трэба галасаваць на выбарах у КР, бо гэта небяспечна, непатрэбна, нецікава й увогуле бессэнсоўна. Гэта выклікае адчуванне дэжавю ў тых, хто памятае падзеі далёкага ўжо 1995-га. Тыя падзеі паклалі пачатак працэсу фармавання дыктатарскага рэжыму, і як такія яны дазваляюць лепш зразумець, што адбываецца цяпер.
«Ганебны рэфэрэндум»
14 траўня 1995 у Беларусі прайшоў першы ў незалежнай Беларусі рэфэрэндум, які трывала ўвайшоў у гісторыю як «ганебны». У выніку расійская мова набыла ў нашай краіне статус дзяржаўнай, а нацыянальныя сымбалі – был-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі зменены на мадэфікаваныя савецкія – чырвона-зялёны сцяг і крыху перароблены герб БССР.
Паралельна з пазбаўленнем Беларусі нацыянальнай сымболікі і статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, той рэфэрэндум пазначыў і пачатак трансфармацыі беларускай палітычнай мадэлі ў жорсткую асабістую дыктатуру. Таму адначасова з пытаннямі па мове і сымболіцы (а таксама пытаннем аб «паглыбленні эканамічнай інтэграцыі з Расіяй») на рэфэрэндум было вынесена й пытанне пра магчымасць «датэрміновага спынення паўнамойтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам… у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі». Адразу адзначым, што ў фармулёўцы пытання не было ўказана, з якога боку будуць гэтыя парушэнні – парлямэнцкага, ці прэзідэнцкага.
І яшчэ адным крокам да пабудовы дыктатуры было правядзенне ў той жа час выбараў у парлямэнт Беларусі – Вярхоўны Савет ХІІІ склікання. Можа, гэтая падзея небыла такой заўважнай, як рэфэрэндум і вынесеныя на яго пытанні, але па ейных выніках яе можна лічыць знакавай у найноўшай гісторыі Беларусі, бо гэта быў істотны элемент усталявання дыктатарскага рэжыму ў нашай краіне. Больш за тое, тыя падзеі маюць відавочныя паралелі з сучаснасцю, калі рэжым зноў вядзе барацьбу супраць выбараў у структуру, якая мусіць выконваць ролю беларускага протапарлямэнту.
Пляны й страхі будучага дыктатара
Сам Лукашэнка й быў галоўным ініцыятарам таго рэфэрэндуму. У той час прэзідэнцкая ўлада хоць і была моцнай (у адпаведнасці з нормамі, прапісанымі ў Канстытуцыі 1994-га), але парлямент у выглядзе Вярхоўнага Савету ХІІ склікання ўсё роўна ўяўляў сабой пэўную перашкоду для таго, каб прэзідэнцкая ўлада зрабілася абсалютнай. Па Канстытуцыі парлямэнт павінны быў зацвярджаць пастановы прэзідэнта, што прымушала Лукашэнку так ці іначай размаўляць з дэпутатамі і дамаўляцца з імі. І гэта было абмежаваннем для ягоных плянаў, нават нягледзячы на тое, што тагачасны Вярхоўны Савет быў абраны яшчэ за савецкім часам – у 1991-ым, і ў ім адчуваўся значны ўплыў старой савецкай намэнклятуры. Тым ня менш, наяўнасць у парлямэнце больш за сотню (з 260 агульнай колькасці) дэпутатаў, якія былі цвёрда арыентаваныя на дэмакратыю, рабіла Вярхоўны Савет той сілай, якую Лукашэнка страшыўся.
Як лічыць старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі, які ў той час узначальваў Аб’яднаную дэмакратычную партыю, на базе якой потым паўстала АГП, за гэтай ініцыятывай стаяў ня толькі палітычны разлік, але й настальгія Лукашэнкі па савецкай эпосе, якая нараджала ў яго жаданне вярнуць усё, як было. У тым ліку – і еднасць з Расіяй. Як кажа спадар Аляксандар, гэтая матывацыя хоць і прысутнічала, але не была асноўнай. Тым ня менш, калі дэпутаты ВС 11 красавіка 1995-га прагаласавалі супраць кожнага з чатырох пытанняў, якія выносіліся на рэфэрэндум, Лукашэнка заявіў, што ён можа пагадзіцца на кансультацыйны характар пытанняў па роспуску парлямэнту й інтэграцыі з Расіяй, але настойвае на абавязковым характары пытанняў па мове й сымболіцы.
Акрамя таго, назіраючы за далейшай гісторыяй рэжыму, мы можам адзначыць, што гэтая настальгія – разам з жаданнем «вярнуць усё ў зад» – так і засталася адной з матывацыяў у дзейнасці Лукашэнкі. Што заўжды рабіла й працягвае рабіць марнымі любыя высілкі па «адрыву» яго ад Расіі.
Дарэчы, пад час прэзідэнцкай кампаніі 1994-га Расія падтрымлівала кандыдатуру тагачаснага прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча, які сам паходзіў з савецкай намэнклятуры і выступаў за «цесную інтэграцыю» з Расіяй. Але ўжо тады было відавочна, што Кебіч не карыстаецца падтрымкай з боку беларускага грамадства. Таму, як лічыць спадар Дабравольскі, Масква й абрала сабе «запасны варыянт» ( а тое й асноўны) у асобе дырэктара саўгасу. І не прагадала.
Перашкоды на шляху ў «савецкі зад»
Нават нягледзячы на «сваецкі» склад парлямэнту, ініцыятыва рэфэрэндуму ня выклікала эйфарыі сярод ягоных дэпутатаў. Былі тыя, хто падтрымаў ініцыятыву. Але былі й тыя, хто актыўна выступіў супраць. Калі паўстала пытанне аб вынясенні ініцыятывы аб правядзенні рэфэрэндуму на галасаванне ў ВС, дэпутаты ад БНФ абвесцілі галадоўку – праз тое, што правядзенне падобнага рэфэрэндуму з’яўляецца незаконным і парушае Канстытуцыю. Скончылася гэта сілавым выдварэннем удзельнікаў галадоўкі з залі, дзе праводзіліся паседжанні. Пры гэтым дэпутаты былі жорстка збітыя супрацоўнікамі аддзелу КДБ «Альфа». Справа аб збіцці дэпутатаў, як і справы аб знікненні апазіцыйных палітыкаў у далейшым, не была даведзенай да канца. Можам дадаць: пакуль не была. Але абавязкова будзе.
Пасля гэтых падзеяў дэпутаты ад БНФ адмовіліся прымаць удзел у паседжаннях ВС. Гэта аслабіла пазіцыі прыхілнікаў дэмакратыі, і парлямэнт, у якім у большасці апынуліся іхнія праціўнікі, хутка прыняў пастанову аб правядзенні рэфэрэндуму. А да кучы яшчэ й ратыфікаваў Дамову паміж Беларуссю й Расіяй «Аб сумесных намаганнях па ахове дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь». Тады ж, дарэчы, было прынятым рашэнне аб абвяшчэнні 7 лістапада – Дня «Кастрычніцкай рэвалюцыі» – дзяржаўным святам у Беларусі. Яшчэ адзін элемент намаганняў вярнуць усё ў «савецкі зад».
Што тычыцца чальцоў Аб’яднанай дэмакратычнай і Грамадзянскай партыяў, на падмурку якіх 1 кастрычніка 1995-га паўстала Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, дык спадар Дабравольскі кажа, што ніхто з іх не падтрымліваў пытанні, вынесеныя на рэфэрэндум, а да самой ідэі ягонага правядзення ставіліся насцярожана. Асабліва небяспечным лічылі пытанне па інтэграцыі з Расіяй. Хоць гаворка ў пытанні йшла пра эканамічную інтэграцыю, але ў той час ніхто й бяз рэфэрэндуму не перашкаджаў займацца эканамічнымі справамі з Расіяй – у Канстытуцыі на гэта забароны не было. Спадар Дабравольскі лічыць, што гэтае пытанне было вынесена на рэфэрэндум, каб узмацніць прэзідэнцкую ўладу й узвысіць яе па-над усімі астатнімі дзяржаўнымі інстытутамі.
Але тут варта адзначыць, што само слова «інтэграцыя» ў далейшым зрабілася адным з самых папулярных словаў у палітыцы рэжыму Лукашэнкі, роўна як і сам кірунак палітыкі на «збліжэнне» з Расіяй. Таму нельга выключаць варыянту, што такім чынам грамадскае меркаванне «прамацвалася» наконт стаўлення да гэтай ідэі.
Чальцы АДП і ГП удзельнічалі ў пратэстах, якія праводзіліся ля будынку, дзе праходзілі паседжанні ВС. Але колькасць пратэстоўцаў была недастатковай для таго, каб паўплываць на сітуацыю.
Адказнасць за дзяржаву vs папулізм
Тым ня менш, шанец на змену сітуацыі заставаўся. Справа ў тым, што зацвярджаць вынікі рэфэрэндуму мусіў ужо склад новага ВС, першы тур выбараў у які праходзіў менавіта 14 траўня, супадаючы з днём рэфэрэндума. І ў залежнасці ад вынікаў выбараў, гульня Лукашэнкі магла быць паламанай.
Зразумела, Лукашэнка вельмі не хацеў, каб у Беларусі быў дзеяздольны парлямэнт. Таму ён рабіў усё, каб сарваць выбары. Дагэтуль прыгадваецца адзін з ягоных выступаў на БТ, дзе ён кажа, што ня пойдзе на выбары, бо дэпутаты, маўляў, «усё роўна падмануць». Як бачым, наратыў, што «палітыка – рэч брыдкая», ужо тады актыўна выкарыстоўваўся Лукашэнкам, каб нарадзіць недавер да палітыкаў, знізіць палітычную актыўнасць грамадства й будаваць сваю дыктатуру. Варта адзначыць, што метады з таго часу не змяніліся: усё тыя ж намаганні нарадзіць недавер да палітыкаў, дэмаралізацыя грамадзянаў аповедамі, што «ўсё роўна падмануць», і што «анічога ад вашага ўдзелу ў выбарах ня зменіцца».
У выніку такой актыўнай адмоўнай агітацыі шмат па якіх гарадскіх акругах выбары не адбыліся. Давялося абвяшчаць паўторныя выбары ўжо ў лістападзе таго ж году. Тады ўпершыню ў выбарах прыняла ўдзел АГП. Па выніках у новым складзе ВС была ўтворана фракцыя «Грамадзянскае дзеянне», куды ўвайшлі 18 дэпутатаў.
Вось тут узнікла калізія для дэпутатаў фракцыі. З аднаго боку, вынікі рэфэрэндуму зацвярджаць было нельга, бо пры ягоным правядзенні былі шматлікія парушэнні. З іншага боку, у такім выпадку ўзнікалі пытанні па выніках выбараў у ВС: маўляў, калі людзі вас выбралі, значыць з галасаваннем было ўсё добра.
Але добра ўсё не было. Як адзначае спадар Дабравольскі, фальсіфікацыі былі й у 1994-ым – на прэзідэнцкіх выбарах, і былі яны досыць кволымі. Былі адзначаны асобныя спробы ўкіду бюлютэняў за Кебіча, але моцна на вынікі гэта не паўплывала. У 95-ым фальсіфікацыі мелі ўжо большы маштаб. Галасы тады яшчэ лічылі (практыка не ліччыць іх пачалася, як кажа спадар Аляксандр, з 1996-га), але бюлютэні падкідвалі ў большых маштабах. Акрамя таго, людзям дазвалялі прагаласаваць па некалькі разоў. Ды й назіральнікі, якія тады яшчэ мелі магчымасць назіраць ня толькі азадкі выбарчай камісіі, але й працэс падліку, адзначалі, што лічбы, атрыманыя пад час падзіку, адсоткаў на 10-15 адрозніваюцца ад тых вынікаў, якія запісваліся ў выніковы пратакол. Зразумела, на чыю карысць былі гэтыя 10-15 адсоткаў.
У выніку ў партыі адбыліся досыць напружаныя дыскусіі на гэты конт. Вылучаліся аргументы за тое, каб адмовіцца ад дэпутацкіх мандатаў: маўляў, такое рашэнне прынясе партыі папулярнасць у народзе. Але перамог той пункт гледжання, што палітыкі маюць адказнасць за дзяржаву й мусяць адстойваць нацыянальныя інтарэсы, нягледзячы на тое, спадабаецца гэта народу, ці не. Таму дэпутацкія мандаты былі прынятыя. У выніку гэтага рашэння статус дэпутатаў дазволіў чальцам фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» прагаласаваць супраць зацвярджэння вынікаў рэфэрэндуму. Хоць гэта й не дазволіла ануляваць гэтыя вынікі, гэты ўчынак прадэманстраваў, што парлямэнт застаецца перашкодай на шляху Лукашэнкі да абсалютнай дыктатарскай улады.
Як прыгадвае спадар Аляксандар, яму пасля галасавання патэлефанаваў адзін з тагачасных лідэраў БНФ Юрась Хадыка й падзякваў яму за ягоную пазіцыю. Акрамя таго, ён падзякваў і за тое, што ў адным з сваіх інтэрвью Аляксандар выказаў шкадаванне з той падставы, што ў новым складзе парлямэнту не апынуўся аніводны прадстаўнік БНФ, бо бяз іх парлямэнт не з’яўляецца такім моцным, якім ён мог бы быць.
І сапраўды, ВС ХІІІ склікання быў, як назваў яго дагачасны дэпутат і чалец АГП Станіслаў Багданкевіч, «чырвона-аграрным». Гэта ня значыць, што ён быў пралукашысцкім. Ён быў, хутчэй, ніякім. Большасці дэпутатаў бракавала дзяржаўнага мыслення. Яны, як шмат хто з цяперашніх палітыкаў і актывістаў, мелі ілюзію, што з Лукашэнкам можна «сябраваць». Гэтая ілюзія захоўвалася ў іх да восені 96-га, калі яны сутыкнуліся з рэчаіснасцю – даоейшым бязлітасным і цынічным наступам дыктатуры на інстытут парлямэнтарызму. Спроба арганізаваць імпічмент не атрымалася – у тым ліку праз ціск на некаторых дэпутатаў і раскол фракцыі камуністаў, яастка якой заняла прадыктатарскія пазіцыі. Ня варта забываць і пра актыўную ролю Расіі, якая падманам і шантажом (а хто кажа й пагрозамі) прымусіла дэпутатаў адмовіцца ад запуску працэдуры імпічменту. Вярхоўны Савет быў распушчаны, на ягоным месцы ўтварылася цалкам сэрвільная структура «Нацыянальнага Сходу».
Умовы – новыя, метады - старыя
Падзеі, якія адбываюцца цяпер вакол выбараў у Каардынацыйную Раду, якую шмат хто кліча «протапарлямэнтам», нагадваюць падзеі 1995-га. Як і тады дыктатура дэманструе свой страх перад структурай, якая мае патэнцыял зрабіцца альтэрнатывай ягонай уладзе. І як і тады, метады барацьбы, якія выкарыстоўвае рэжым, застаюцца тымі ж: праца па дэмабілізацыі грамадства праз прасоўванне недаверу да дэмакратычных структураў і палітыкаў, хлусню, дыскрэдытацыю ўдзельнікаў выбараў, спробы пераканаць грамадзянаў, што ўдзел у выбарах ніяк не паўплывае на іхняе жыццё. Толькі ў параўнанні з 95-ым дадаліся яшчэ й дэманстрацыйныя рэпрэсіі й запалохванне, у тым ліку праз ціск на родных, якія засталіся ў Беларусі. Бо дыктатура мае тэндэнцыю да развіцця ад кепскай да горшай.
Тады, пад час выбараў 95-га, высілкі Лукашэнкі па зніжэнні актыўнасці выбарцаў далі свой плён: яўка была нізкай і абраць парлямэнт з першага разу не атрымалася. Гэта было выгадна рэжыму, які толькі пачынаў свой шлях да ўсталявання ў Беларусі жорсткай дыктатуры. Цяпер дыктатуры трэба выжыць, і дзеля гэтага не адпусціць існавання альтэрнатывы. У тым ліку – у выглядзе КР. Таму радасныя заявы некаторых аб нізкай актыўнасці беларусаў на цяперашніх выбарах у Каардынацыйную Раду выклікаюць, мякка кажучы, здзіўленне. Відавочна, такая сітуацыя не на карысць Беларусі, бо ўмацоўвае пазіцыі рэжыму й расцягвае час ягонага існавання. Чым гэта пагражае краіне і грамадству, зразумела ўсім. Таму ёсць падазрэнне, што тыя, хто радуецца, робяць гэта не па ўласнай дурасці, а праз сваё жаданне нанесці як мага больш цяжкія страты грамадству й захаваць дыктатарскі рэжым у Беларусі на як мага больш парцяглы тэрмін.
Вось толькі кепскія навіны для іх: час працуе супраць рэжыму, і перамены могуць наступіць хутчэй, чым усе думаюць.


Комментарии